Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ад маёй стараннасці? — здзівіўся Санчо.

— Так, — пацвердзіў Дон-Кіхот, — таму што, калі ты хутка вернешся адтуль, куды я думаю паслаць цябе, у такім выпадку хутка скончацца мае пакуты і пачнецца мая слава. І з той прычыны, што нядобра трымаць цябе далей у невядомасці, куды хіляцца мае словы, скажу табе, каб ты, Санчо, ведаў, што славуты Амадыс Гальскі быў адным з выдатных вандроўных рыцараў. Я міжвольна сказаў „адным“; ён быў адзіным, першым, самым выдатным, галава ўсіх рыцараў, існаваўшых на свеце ў яго час. Той вандроўны рыцар, які лепш зможа рабіць так, як рабіў Амадыс, наблізіцца больш другіх да рыцарскай дасканаласці. Бліскучым учынкам гэтага рыцара, у якім ён асабліва праявіў сваю мудрасць, адвагу, цярплівасць і каханне, быў той, калі ён з-за знявагі да яго сен’ёры Орыяны пайшоў рабіць эпітымію на Пен’я Побрэ[1], назваўшыся імем Бельтэнеброс. Мне лягчэй пераймаць Амадыса ў гэтай справе, чымся раскалваць надвая волатаў, здымаць галовы ў страшэнных змеяў, забіваць драконаў, разбіваць войскі, знішчаць флот і разбураць чары. Акружаючая нас мясцовасць як нельга лепш прыстасавана да выканання падобнага намеру. Няма прычыны выпускаць выпадак, які я магу цяпер добра выкарыстаць.

— Адным словам, — сказаў Санчо, — што-ж, уласна, ваша міласць збіраецца рабіць тут, у гэтым далёкім месцы?

— Я хачу рабіць так, як рабіў Амадыс, удаючы тут паўшага ў роспач, звар’яцеўшага і гнеўнага, у той-жа час пераймаючы і яшчэ аднаго рыцара, які, дзведаўшыся аб здрадзе каханкі, звар’яцеў і пачаў вырываць з карэннем дрэвы, баламуціць ваду светлых крыніц, забіваць пастухоў, знішчаць іхнія статкі, падпальваць халупы, перакідваць дамы — адным словам рабіць сотні тысяч шаленстваў, вартых вечнага ўспаміну і ўнясення ў летапісы.

— Мне здаецца, — сказаў Санчо, — што рыцары, якія рабілі нешта падобнае, былі прымушаны да гэтага і мелі пры-

  1. Круча Бедная — скала або востраў, пра які гаворыцца ў рыцарскім рамане „Амадыс Гальскі“.