Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
РАЗДЗЕЛ XVIII,
у якім апавядаецца пра дзіўныя рэчы, якія здарыліся з харобрым рыцарам Ламанчскім ў Сіера-Марэне

Дон-Кіхот развітаўся з казапасам, узлез зноў на Расінантэ і загадаў Санчо ехаць за ім. Яны ехалі павольна, накіроўваючыся ў самую глуш дзікай горнай мясцовасці. Санчо да смерці хацелася пагутарыць са сваім панам, і ён чакаў толькі, ці не загаворыць той сам, каб не парушыць дадзенага яму загаду. Але, не маючы сілы цярпець такую даўгую маўчанку, ён сказаў:

— Сен’ёр Дон-Кіхот, няхай міласць ваша дасць мне сваё блаславенне і зволіць мяне, бо я хацеў-бы адразу-ж вярнуцца дахаты, да жонкі і дзяцей. Вельмі-ж ужо цяжка ўсё жыццё праводзіць у пошуках прыгод і знаходзіць адны толькі штуршкі ў каршэнь, кіданне на коўдры, удары каменнем і кулакамі, а пры ўсім тым, каб яшчэ быў зашыты рот і чалавек не мог выказаць таго, што ў яго на душы, нібыта ён нямы.

— Разумею цябе, Санчо, — адказаў Дон-Кіхот, — ты паміраеш ад жадання, каб я зняў забарону, накладзеную на твой язык. Добра, лічу яе знятай, і кажы, што хочаш, але толькі з умовай, што дадзены табе дазвол мае сілу да таго часу, покуль мы валацужым у гэтых горах.

— Няхай будзе так, — сказаў Санчо, — няхай я пагутару хоць цяпер. Сен’ёр, ці гэта адно з добрых правіл рыцарства, што мы блукаем па тутэйшых горах без дарог і сцежак, шукаючы вар’ята, да якога, калі мы яго знойдзем, мажліва, вернецца жаданне кончыць, што ён пачаў — не сваё апавяданне, а… гутарка ідзе пра галаву вашай міласці і пра мае рэбры, якія ён разаб’е дашчэнту.

— Маўчы, Санчо, кажу табе яшчэ раз, — сказаў Дон-Кіхот, — і ведай, што не толькі жаданне знайсці вар’ята вабіць мяне ў гэтую мясцовасць, але і намер зрабіць учынак, якім я набуду бессмяротнае імя і славу на ўсёй зямной прасторы. Аднак усё будзе залежаць ад тваёй стараннасці.