Бенгаліі. Бацька гэтага хлопчыка і я, сэр, былі закадычнымі сябрамі. Куды-б вы не пайшлі, сэр, вы толькі і чулі, што пра Біля Байтэрстона і Джо Бегстока. А хіба я не бачу недахопаў гэтага хлопчыка? Ні ў якім разе. Ён дурань, сэр.
Містэр Домбі зірнуў на абняслаўленага майстра Байтэрстона, пра якога ведаў столькі-ж, колькі маёр, і сказаў з самазадаволеным выглядам:
— Няўжо?
— Але, такі ён ёсць, сэр, — сказаў маëр. — Ён дурань! Джо Бегсток ніколі не змякчае выразаў. Сын майго старога сябра Біля Байтэрстона — дурань ад прыроды, сэр. — Тут маëр зарагатаў так, што зрабіўся амаль чорным. — Думаю, майму маленькаму сябру належыць паступіць у першаразрадную школу, містэр Домбі? — паправіўшыся, сказаў маёр.
— Я яшчэ не вырашыў, — адказваў містэр Домбі. — Наўрад. У яго слабае здароўе.
— Калі ў яго слабае здароўе, — сказаў маёр, — дык ваша праўда. Толькі непахісныя дзеці маглі вытрымаць жыццё ў Сендхерсце, сэр. Там мы катавалі адзін другога, сэр. Мы доўга падсмажвалі навічкоў на агні і вывешвалі ўніз галавой з акна чацвертага паверху. Джозефа Бегстока, сэр, бачыце, вывесілі з акна, прытрымліваючы за пяткі, роўна на трынаццаць хвілін па школьнаму гадзінніку.
У пацверджанне гэтага факта маëр мог спаслацца на свой твар. Ён і сапраўды быў такім, нібы маёр правісеў уніз галавой вельмі доўга.
— Але школа нас зрабіла тым, чым мы сталі, сэр, — сказаў маёр, папраўляючы брыжы. — Мы былі жалезам, сэр, а яна нас выкавала. Вы тут жывеце, містэр Домбі?
— Звычайна я прыязджаю сюды раз у тыдзень, маëр, — адказваў гэты джэнтльмен. — Я спыняюся ў Бедфорд-гатэлі.
— 3 вашага дазволу, сэр, я буду мець гонар наведаць вас у Бедфордзе, — сказаў маёр.
Містэр Домбі адказваў вельмі прыхільна; і маёр Бегсток, пагладзіўшы па галаве Поля і сказаўшы Фларэнс, што ад яе вачэй хутка будзе аж вар’яцець уся моладзь, «ды і старыя таксама, сэр, ужо калі на тое пайшло», дадаў маёр, моцна хіхікаючы, расшавяліў майстра Байтэрстона сваім кіем і адразу-ж рушыў трушком з гэтым маладым джэнтльменам.
Выконваючы сваё абяцанне, маёр неўзабаве з’явіўся з візітам да містэра Домбі, а містэр Домбі, даведаўшыся ў спіску ваенных чыноў, аддаў візіт маëру.
Нарэшце, калі містэр Домбі з’явіўся ў суправаджэнні міс Токс і місіс Чык пабачыцца з дзецьмі і зноў сустрэў маёра ў Брайтоне, ён запрасіў яго паабедаць у Бетфорда і папярэдне павіншаваў міс Токс з такім суседам і знаёмым. Не гледзячы на тое, што гэтыя намёкі выклікалі ў міс Токс біццё сэрца, яны зусім не былі ёй непрыемныя, бо давалі ёй магчымасць быць надзвычай