Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цікавай і калі-ні-калі выяўляць разгубленасць і замяшанне, якія яна была не супроць выставіць напаказ. Маёр падаваў ёй нямала зручных выпадкаў праявіць гэтае хваляванне; у час абеду ён не скупіўся на скаргі, выкліканыя тым, што яна пакінула яго і пляц Прынцэсы; і з тае прычыны, што яму, відавочна, было вельмі прыемна іх выказваць, то ўсе адчувалі сябе вельмі добра.

Але ідучы назад да сябе ў гасцініцу маëр бесперастанку цвярдзіў сабе аб сваёй персоне: «Хітры, сэр... хітры, сэр... д’ябальскі хітры!» А прышоўшы ў гасцініцу, ён рассеўся ў крэсла і пачаў усклікаць:

— Вы-б не супраць, пані?? Не супраць? Місіс Домбі, э. пані? Не думаю, пані. Не, пакуль Джо Б. можа ўставіць вам палку ў калясо, пані. Джо Б. цяпер зраўняўся з вамі, пані. Ён яшчэ не вышаў з гульні, сэр, Бегсток не вышаў. Яна хітрая, сэр, хітрая, але Джо-ж яшчэ хітрэйшы. Старына Джо не дрэмле, варушыцца і вельмі пільнуецца, сэр!

На другі дзень пасля гэтага эпізода (была нядзеля), калі містэр Домбі, місіс Чык і міс Токс снедалі, усё яшчэ пахваляючы маёра, убегла Фларэнс з расчырванелым тварам і радасна ззяючымі вачыма і крыкнула:

— Тата! Тата! Уолтер тут! і ён не хоча ўвайсці.

— Хто? — усклікнуў містэр Домбі. — Аб чым яна гаворыць? Што гэта азначае?

— Уолтэр, тата, — нясмела сказала Фларэнс, адчуваючы, што вельмі фамільярна наблізілася да яго асобы. — Які знайшоў мяне, калі я заблудзілася.

— Няўжо яна гаворыць аб маладым Гэі, Луіза? — запытаўся містэр Домбі, нахмурыўшы бровы. — Сапраўды, манеры ў гэтай дзяўчынкі зрабіліся вельмі рэзкія. Наўрад ці пра маладога Гэя яна гаворыць. Даведайцеся, калі ласка, у чым справа.

Місіс Чык выбегла ў карыдор і вярнулася з весткай, што гэта малады Гэй у суправаджэнні вельмі дзіўнага з выгляду чалавека; і малады Гэй гаворыць, што не адважваецца ўвайсці, ведаючы, што містэр Домбі снедае, а пачакае, пакуль містэр Домбі дазволіць яму з’явіцца.

— Скажыце хлопчыку, каб зайшоў цяпер, — заявіў містэр Домбі. — Ну, Гэй, у чым справа? Хто вас сюды паслаў? Хіба, апрача вас, не было каму прыехаць?

— Прашу прабачэння, сэр, — адказваў Уолтэр. — Мяне не пасылалі. Я сам адважыўся прыехаць і спадзяюся, вы мне даруеце, калі я вытлумачу прычыну.

Але містэр Домбі, не слухаючы яго, нецярпліва паглядаў то ўправа, то ўлева ад яго (нібы ён быў слупам на яго шляху) на нейкі прадмет за яго спіной.

— Што гэта? — сказаў містэр Домбі. — Хто гэта? Мне здаецца, вы трапілі не ў тыя дзверы, сэр?

— О, прабачце, што я зайшоў не адзін, сэр, — спяшаючыся сказаў Уолтэр, — але гэта... гэта капітан Катль, сэр.

96