Старонка:Домбі і сын.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

золата, — але я... Тое нямногае, што ў мяне ёсць, нельга ператварыць у наяўныя грошы, Нэд; іх нельга вызваліць. 3 імі я стараўся зрабіць штокольвечы для Уолі, але я старамодны і адстаў ад века. Яны і тут і там, і... і, карацей кажучы, усëроўна, што нідзе, — сказаў стары, разгублена аглядаючыся.

Ён так быў падобны да вар’ята, які схаваў свае грошы ў розных месцах і забыўся — дзе, што капітан сачыў за яго позіркам, маючы слабую надзею, ці не ўспомніць той аб якіх-небудзь сотнях фунтаў, схаваных у коміне або ў склепе. Але Саламон Джылс ведаў, што гэтага не здарыцца.

— Я адстаў ад жыцця, дарагі мой Нэд, — сказаў Соль з пакорлівай роспаччу, — зусім адстаў. Няма сэнсу плесціся за ім дзесьці далёка ззаду. Тавар няхай лепш прададуць — ён варты больш, чым трэба для ўплаты гэтага доўгу, а я лепш пайду куды-небудзь і звяду рахункі з жыццём. Больш няма ў мяне энергіі. Я не разумею таго, што адбываецца. Ужо лепш скончыць з гэтым. Няхай прададуць тавар і знімуць яго, — сказаў стары, паказваючы дрыглівай рукой на Драўлянага Мічмана, — і няхай сабе мы абодва пойдзем на злом.

— А што вы думаеце зрабіць з Уольрам? — запытаўся капітан. — Ну-ну! Прысядзьце, Джылс, прысядзьце і дайце мне падумаць. Каб не быў я чалавекам, які жыве на маленькую рэнту, якая да сёнешняга дня была досыць вялікай, мне не трэба было-б думаць. А вы трымайце толькі галаву за ветрам, — сказаў капітан, зноў прапануючы гэту бясспрэчную ўцешлівую параду, — і ўсё абыйдзецца.

Стары Соль шчыра падзякаваў, пасля парывіста ўстаў і прысланіўся галавой да каміна гасцінай.

Некаторы час капітан Катль хадзіў узад і ўперад па краме, вельмі задуменны і так панура насупліваючы калматыя навіслыя над носам, нібы воблакі над гарою, чорныя бровы, што Уолтер баяўся перарваць якой-небудзь заўвагай бег яго думак.

— Уолр! — сказаў, нарэшце, капітан. — Я прыдумаў!

— Прыдумалі, капітан Катль? — з вялікім натхненнем усклікнуў Уолтэр.

— Ідзіце сюды, мой хлопчык, — сказаў капітан. — Тавар — гэта адно забяспечанне. Я — другое. Ваш патрон — вось хто дасць пазыку.

— Містэр Домбі, — прамармытаў Уолтэр.

Капітан важна кіўнуў галавой.

— Паглядзіце на яго, — сказаў ён. — Паглядзіце на Джылса. Калі яны пачнуць распрадаваць гэтыя рэчы, ён памрэ. Вы ведаеце, што ён памрэ. Мы павінны перавярнуць усё, не пакінуўшы каменя на камені, і вось вам камень.

— Камень! Містэр Домбі! — прамармытаў Уолтэр.

— Перш за ўсё збегайце ў кантору і даведайцеся, ці там ён, — сказаў капітан Катль, хлопнуўшы яго па спіне. — Жвава!