— Ідзіце хутчэй, Уольр, мой хлопчык, — сказаў капітан прыбавіўшы кроку, — і так шпарка хадзіце ва ўсе дні вашага жыцця. Перагартайце катэхізіс, каб знайсці гэтую параду, і слухайцеся яе!
Больш яны не абмяняліся ні словам, пакуль не падышлі да дзвярэй старога Соля, дзе злашчасны Драўляны Мічман, з інструментам ля вока, здавалася, аглядаў гарызонт у пошуках сябра, які дапамог-бы яму выбрацца з бяды.
— Джылс! — сказаў капітан, убягаючы ў заднюю гасціную і з вялікай пяшчотнасцю беручы яго за руку. — Трымайце галаву за ветрам, і мы праб’емся ўперад. Адзінае, што вы павінны рабіць, — прадаўжаў капітан з важнасцю чалавека, які гаворыць адно з каштоўнейшых практычных правіл, калі-небудзь вынайдзеных чалавечай мудрасцю, — гэта харашэнька трымаць галаву за ветрам, і мы праб’емся ўперад!
Стары Соль адказаў на поціск рукі і падзякаваў яму. Затым капітан Катль з урачыстасцю, адпавядаючай гэтаму моманту, палажыў на стол дзве чайныя лыжкі і шчыпцы для цукру, срэбны гадзіннік і наяўныя грошы і запытаўся ў маклера містэра Бролі, ці вялікі доўг.
— Паслухайце! Хопіць вам гэтага? — запытаўся капітан Катль.
— Бог з вамі! — адказаў маклер. — Няўжо вы думаеце, што ад гэтага можа быць якая-небудзь карысць?
— А чаму-ж не? — запытаўся капітан.
— Чаму? Сума раўняецца трымстам сямідзесяці з лішкам. — адказаў маклер.
— Не бяда, — запярэчыў капітан, хоць ён быў відавочна збянтэжаны гэтай лічбай. Думаю, любая рыба, якая пападаецца да вас у сеці, астаецца рыбай?
— Зразумела, — сказаў містэр Бролі. — Але селядзец, ведаеце, не кіт.
Гэта філасафічная заўвага, здавалася, здзівіла капітана. Ён размышляў з хвіліну, паглядаючы пры гэтым на маклера, як на вялікага мудраца, а пасля адазваў у бок інструментальнага майстра.
— Джылс, — сказаў капітан Катль, — па якому абавязацельству? Хто крэдытар?
— Цішэй, адазваўся стары. Адыйдзем далей. Не гаварыце пры Уолі. Гэта паручыцельства за бацьку Уолі, старое абавязацельства. Я шмат выплаціў, Нэд, але часы для мяне надышлі такія цяжкія, што цяпер я нічога не магу зрабіць. Я гэта прадбачыў, але дапамагчы не мог. Дзеля бога, ні слова пры Уолі.
— Але-ж якія-небудзь грошы ў вас ёсць? — шэптам запытаўся капітан.
— Так, так... о, так... сëе-тое ў мяне ёсць, — адказаў стары Соль, спачатку засунуўшы рукі ў пустыя кішэні, а пасля заціснуўшы паміж імі свой парык, нібы спадзеючыся выціснуць з яго