Уолтэр адчуў, што павінен падначаліцца загаду, — адзін позірк на дзядзьку прымусіў-бы яго адважыцца, калі-б ëн думаў інакш, — і рынуўся яго выконваць. Неўзабаве ён вярнуўся, задыхаўшыся, і паведаміў, што містэра Домбі няма ў горадзе. Была субота, і ён паехаў у Брайтон.
— Вось што я вам скажу, Уольр, — аб’явіў капітан, які за час яго адсутнасці, здавалася, падрыхтаваўся да такой няўдачы. — Мы паедзем у Брайтон. Я вас падтрымаю, мой хлопчык. Я вас падтрымаю, Уольтэр. Мы паедзем у Брайтон з вячэрняй пасажырскай картай.
Маёр Бегсток пасля доўгіх і частых назіранняў над Полем праз пляц Прынцэсы ў тэатральны бінокль і пасля многіх падрабязных данясенняў аб гэтым прадмеце, штодзённых, штотыднёвых і штомесячных, зробленых «тубыльцам», які з гэтаю мэтай падтрымліваў пастаянныя зносіны са служанкай міс Токс, прышоў да заключэння, што Домбі — чалавек, з якім варта пазнаёміцца.
Калі чорнаскуры слуга далажыў з усімі падрабязнасцямі аб адлучках міс Токс у Брайтон, маёра раптам апанавалі пяшчотныя ўспаміны аб сваім сябры Білі Байтэрстоне з Бенгаліі, які прасіў яго ў пісьме наведаць яго адзінага сына, калі ён будзе ў Брайтоне. Але калі той-жа чорнаскуры слуга далажыў аб знаходжанні Поля ў місіс Піпчын, а маёр, заглянуўшы ў пісьмо, паданае містэрам Байтэрстонам пасля прыезду ў Англію, на якое яму і ў галаву не прыходзіла звярнуць якую-б там ні было ўвагу, убачыў зручны для сябе выпадак, ён прышоў у такое шаленства ад падагры, якая якраз ў гэты час уклала яго ў пасцель, што ў адказ на атрыманыя весткі шпурнуў у чорнаскурага слугу зэдлікам для ног і пабажыўся, што загоніць мярзотніка ў магілу, перш чым сам адправіцца ў яе, чаму чорнаскуры слуга вельмі схілен быў паверыць.
Нарэшце, маёр, ачуняўшы ад прыступу падагры, бурчачы, накіраваўся неяк аднае суботы ў Брайтон з «тубыльцам», які ішоў ззаду, усю дарогу размаўляючы з міс Токс і захапляючыся перспектывай узяць штурмам яе знатнага сябра, якога яна ахутала такой таямнічасцю і дзеля якога пакінула яго.
— Вы-б не супраць, пані, не супраць? — гаварыў маёр, напыжыўшыся ад помстлівых пачуццяў; і без таго разбухлыя вены ў яго на галаве разбухлі яшчэ больш. — Вы-б не супроць даць адстаўку Джою Б., пані? Рана яшчэ, пані, рана! Чорт пабяры, рана яшчэ, сэр! Джо не спіць, пані. Бегсток жывенькі, сэр.