Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/600

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— І я так думаю! — кажа капітан.

— І я, — кажа Соль Джылс.

— А якая назіральная жанчына мая жонка! — прадаўжае містэр Тутс. — Якая ў яе праніклівасць! Якія заўвагі яна робіць! Учора вечарам, напрыклад, калі мы сядзелі, цешачыся нашым агульным шчасцем… клянусь, гэтыя словы дрэнна выказваюць тое пачуцце, якое я адчуваю, будучы ўдваіх з маёй жонкай, — не далей, чым учора вечарам, яна сказала, што варта падумаць аб цяперашнім становішчы нашага сябра Уолтэра. «Цяпер, — кажа яна, — ён вызвалены ад неабходнасці плаваць па марах пасля гэтага першага вялікага падарожжа з маладой жонкай». Як вам вядома, ён і сапраўды вызвалены, містэр Солс!

— Ваша праўда, — згаджаецца стары інструментальны майстар, паціраючы рукі.

— «Цяпер ён ад гэтага вызвалены, — кажа мая жонка, — тая самая фірма давярае яму надзвычайна адказны пост на радзіме; зноў ён можа сябе праявіць з найлепшага боку; ён імкліва падымаецца па ступеньках лесвіцы; усе яго любяць; у гэты самы найшчасліўшы час яго жыцця дзядзя яго падтрымлівае!..» Думаю, гэта так і ёсць, містэр Солс. Мая жонка ніколі не памыляецца.

— Так, так… некалькі нашых караблёў, нагружаных золатам і прапаўшых без вестак, сапраўды вярнуліся на радзіму, — смеючыся, адказвае стары Соль. — Судзенца маленькае, містэр Тутс, але майму хлопчыку яно спатрэбіцца.

— Вось іменна! — кажа містэр Тутс. — Ніколі вам не падлавіць маёй жонкі, што яна памыляецца! «Вось якое становішча ён займае, — гаворыць гэта цудоўная жанчына, — а што пасля гэтага будзе? Што пасля гэтага будзе?» пытаецца місіс Тутс. Цяпер, капітан Джылс і містэр Солс, прашу звярнуць увагу на глыбокую праніклівасць маёй жонкі. «Ды на вачах-жа ў містэра Домбі закладаецца падмурак, і на гэтым падмурку паступова вырастае э… э… збудаванне»… так, іменна так сказала місіс Тутс, — у захапленні кажа містэр Тутс, — паступова вырастае збудаванне, магчыма не горшае, а лепшае за тое, якое ён узначальваў. Так, дзякуючы яго дачцэ, сказала мая жонка, «узойдзе», не, «паўстане», — іменна так сказала мая жонка, — «паўстане ў славе новы Домбі і Сын!»

— Дык вось што я вам скажу, — гаворыць капітан, адкінуўшыся на спінку крэсла і выпучыўшы грудзі, каб аглушальна зарыкаць. — Я вам праспяваю ад першага да апошняга слова «Красуню Пег», а вы абодва трымайцеся мацней і падпявайце!

Віны, схаваныя ў скляпах, старэюць таксама, як і тая старая мадэра, і пыл і павуцінне агортваюць бутэлькі.

Стаяць ясныя асеннія дні, і на марскім беразе часта прагульваюцца маладая лэдзі і сівы джэнтльмен. З імі або дзе-небудзь

596