Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/601

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

непадалёку двое дзяцей — хлопчык і дзяўчынка. І стары сабака бывае звычайна тут.

Сівы джэнтльмен ідзе з хлопчыкам, размаўляе, удзельнічае ў яго гульнях, наглядае за ім, не спускае з яго вачэй, нібы ў ім усё яго жыццё. Калі ён задуменны — задуменны і сівы джэнтльмен; а іншы раз, калі дзіця сядзіць побач з ім, заглядае яму ў твар і запытваецца пра што-небудзь, ён бярэ малюсенькую ручку, трымае яе ў сваёй і забываецца адказваць. Тады хлопчык гаворыць:

— Што, дзядуля, я зноў надта падобен да майго няшчаснага маленькага дзядзі?

— Так, Поль. Але ён быў слабенькі, а вы надта дужы.

— О, так, я надта дужы!

— І ён ляжаў у ложачку ля мора, а вы можаце бегаць па беразе.

Але ніхто, апрача Фларэнс, не ведае аб тым, якая вялікая любоў сівога джэнтльмена да дзяўчынкі. Сама маленькая іншы раз здзіўляецца, чаму ён гэта захоўвае. Ён песціць дзяўчынку ў сэрцы сваім. Ён не можа бачыць яе тварыка затуманеным. Ён не можа вытрымаць, калі яна сядзіць убаку. Яму здаецца, што яна лічыць сябе закінутай, хоць, вядома, гэта не так. Цішком ён ідзе паглядзець на яе, калі яна спіць. Яму вельмі прыемна, калі яна кожную раніцу прыходзіць і будзіць яго. З нейкай асаблівай пяшчотнасцю ён ласкае яе і цалуе, калі яны астаюцца ўдваіх. Дзяўчынка пытаецца іншы раз:

— Любы дзядуля, чаму вы плачаце, калі цалуеце мяне?

Ён адказвае толькі: «Маленькая Фларэнс! Маленькая Фларэнс!» і прыгладжвае кудры, што зацяняюць яе сур'ёзныя вочы.

597