Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/599

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

з процілеглага тратуара, і ў такіх выпадках заўсёды гаворыць: «Эдуард Катль, прыяцель, каб вашай маці стала вядома, што вы зробіцеся чалавекам навукі, як-бы здзівілася добрая старэнькая!»

Але вось да Мічмана імкліва пад'язджае містэр Тутс, і калі містэр Тутс урываецца ў маленькую гасціную, твар у яго надта чырвоны.

— Капітан Джылс і містэр Солс, — кажа містэр Тутс, — маю шчасце паведаміць, што місіс Тутс падарыла яшчэ аднаго члена сям'і.

— І гэта робіць ёй гонар! — ускліквае капітан.

— Віншую вас, містэр Тутс! — кажа стары Соль.

— Дзякую вам, — хіхікае містэр Тутс, — я вам вельмі дзякую. Я ведаў, што вы ўзрадуецеся, а таму і зайшоў да вас сам. Мы, ці ведаеце, робім поспехі. У нас ёсць Фларэнс, ёсць С'юзен, а цяпер яшчэ адно малое.

— Жаночага полу? — запытаўся капітан.

— Так, капітан Джылс, — кажа містэр Тутс, — і я гэтаму вельмі рад. Чым часцей мы будзем паўтараць гэту дзівосную жанчыну, тым, на маю думку, лепш! Капітан Джылс і містэр Солс, гэта надзвычайная жанчына не раз праяўляла свой выключны розум, але больш за ўсё я здзіўлен тым, што яна надта добра зразумела маю адданасць міс Домбі.

Абодва слухачы згаджаюцца з ім.

— Бо мае пачуцці ў адносінах да міс Домбі, — кажа містэр Тутс, — асталіся нязменнымі. Яны тыя самыя, што і раней. І цяпер яна астаецца для мяне тым самым ясным прывідам, якой была, перш чым я пазнаёміўся з Уолтэрсам. Калі паміж місіс Тутс і мною ўпершыню зайшла гутарка аб… карацей кажучы, аб пяшчотнай страсці, вы разумееце, капітан Джылс…

— Так, так, прыяцель, — кажа капітан, — аб страсці, якая ўладае ўсімі намі… вы перагартайце кнігу і знайдзіце гэта месца…

— Абавязкова зраблю гэта, капітан Джылс, — з вялікай сур'ёзнасцю адказвае містэр Тутс. — Калі мы ўпершыню загаварылі аб такіх прадметах, я растлумачыў, што мяне, ведаеце, можна назваць завяўшай кветкай.

Капітан вельмі хваліць гэту метафару і шэпча, што няма кветкі лепшай за ружу.

— Божа мой! — прадаўжае містэр Тутс. — Мае пачуцці былі ёй вядомы ніколькі не горш, чым мне самому. Ёй я не меў чаго гаварыць. Яна была адзіным чалавекам, які мог стаць паміж мною і маўклівай магілай, і яна гэта зрабіла найлепшым чынам, заслужыўшы вечнае маё захапленне. Яна ведае, што нікога я не паважаю так, як міс Домбі. Яна ведае, што няма такой рэчы, якой-бы я не зрабіў для міс Домбі. Яна ведае, што я лічу яе самай прыгожай, самай чароўнай, самай бажэственай жанчынай. Якая-ж яе думка ў звязку з гэтым? У вышэйшай ступені разумная! «Дарагі мой, ваша праўда. Я сама так думаю!»

595