— За здароўе Уолтэра і яго жонкі! — кажа містэр Домбі. — Фларэнс, дзіця маё… — І ён паварочваецца, каб пацалаваць яе.
— За здароўе Уолтэра і яго жонкі! — кажа містэр Тутс.
— За здароўе Уолтэра і яго жонкі! — крычыць капітан. — Ура! — І з прычыны таго, што капітан не захоўвае нястрымнага жадання з некім чокнуцца, містэр Домбі з вялікай ахвотай працягвае свой бакал.
Іншыя віны, схованыя ў скляпах, старэюць таксама, як і тая старая мадэра: і пыл і павуцінне агортваюць бутэлькі.
Містэр Домбі — сівы джэнтльмен; на яго твары клопаты і пакута пакінулі глыбокі след, але гэта толькі адлюстраванне праляцеўшай буры, за якой надышоў ясны вечар.
Ганарлівыя замыслы больш яго не бянтэжаць. Ён ганарыцца толькі сваёй дачкой і яе мужам. Ён зрабіўся маўклівым, задумлівым, ціхім і не расстаецца з дачкою. Міс Токс часта паяўляецца ў сямейным кругу, аддана яму ўсёй душою і карыстаецца ўсеагульнай прыхільнасцю.
У містэра Домбі пасля краху не асталося нічога, апрача некаторай сумы, якая паступае штогодна, — ён не ведае ад каго, — і суправаджаецца настойлівай просьбай, каб ён не шукаў адправіцеля, бо гэтыя грошы — стары доўг, выплачваемы чалавекам, які хоча загладзіць мінулае. З гэтай прычыны ён раіўся са сваім ранейшым служачым; той лічыць магчымым прымаць гэтыя грошы і не сумнявацца ў тым, што некалі фірма сапраўды заключыла нейкую здзелку, пра якую пасля забыліся. Гэты халасцяк з карымі вачыма — ён ужо не халасцяк — жанаты цяпер, жанаты на сястры сівога Каркера-малодшага.
А што робіць Драўляны Мічман пасля ўсіх гэтых змен? О, ён па-ранейшаму на сваім пасту! Выставіўшы ўперад правую нагу, ён зырка сочыць за наёмнымі карэтамі; уноў пафарбованы, пачынаючы з трохкуткі і канчаючы спражкамі на туфлях, ён пільны больш, чым калі-б ні было; а над ім асляпляюча ззяюць два імя, напісаныя залатымі літарамі: Джылс і Катль.
Ніякіх новых спраў Мічман не вядзе, па-ранейшаму займаючыся сваім гандлем. Але ходзяць чуткі, што містэр Джылс, нарэшце, вельмі ўдачна распарадзіўся ў ранейшыя часы сваім капіталам і не толькі не адстаў ад веку, як ён сам думаў, але, па сутнасці, крыху пасунуўся наперад. Бясспрэчна толькі адно: ён стаіць ля дзвярэй крамы ў сваім кафейнага колеру касцюме, з хранометрам у кішэні і акулярамі на ілбе, і як быццам не сумуе аб адсутнасці пакупнікоў, але мае выгляд вясёлы і задаволены, хоць такі самы няўважлівы, як і ў ранейшыя часы.
Што датычыцца кампан'ёна, капітана Катля, то ўяўленне аб гандлёвым прадпрыемстве, якое склалася ў галаве капітана, лепш, чым любая рэчаіснасць. Ён не кідае захапляцца пазіраючы на сваё імя, што красуецца над дзвярыма. Разоў двадцаць на дзень ён пераходзіць праз вуліцу, каб паглядзець на яго