рукамі яго шыю; ён адчуў на сваім твары яе пацалунак; ён адчуў — яе мокрая шчака дакранулася да яго шчакі; ён зразумеў — о, з якой яснасцю! — усё, што ён зрабіў.
— Тата, дарагі, я — маці! У мяне ёсць дзіця, якое хутка будзе называць Уолтэра так, як называю вас я. Калі яно нарадзілася і я зразумела, як яно мне дорага, тады я адчула, што я зрабіла, пакінуўшы вас. Даруйце мне, дарагі тата! Мой маленькі нарадзіўся на моры, тата. Як толькі я сышла на бераг, я вярнулася да вас. Мы больш ніколі не расстанемся, тата. Ніколі не расстанемся!
Яго галаву, цяпер сівую, падтрымлівала яе рука; і ён застагнаў, падумаўшы аб тым, што ніколі яшчэ яго галава не спачывала на гэтай руцэ.
— Вы паедзеце да мяне, тата, і ўбачыце маё маленькае. Гэта хлопчык, тата. Яго завуць Поль. Я думаю… я спадзяюся… ён падобен…
Слёзы перашкадзілі ёй дагаварыць.
— Дарагі тата, дзеля дзіцяці, дзеля таго, чыё імя мы яму далі, дзеля мяне, даруйце Уолтэру! Ён такі добры і ласкавы да мяне. Я такая шчаслівая з ім. Ён не быў вінен у тым, што мы пажаніліся. Гэта была мая віна. Я так яго любіла.
Яна мацней прыціснулася да яго і загаварыла яшчэ больш пяшчотна, з яшчэ большым хваляваннем.
— Я горача кахаю яго, тата. Я гатова памерці за яго. Ён будзе любіць і шанаваць вас таксама, як і я. Мы навучым нашага маленькага любіць і шанаваць вас; і мы скажам яму, калі ён будзе разумець, што ў вас быў сын, якога звалі Полем, што ён памёр і для вас гэта было цяжкім горам. Пацалуйце мяне, тата, у знак таго, што вы памірыцеся з Уолтэрам, з маім дарагім мужам, з бацькам дзіцяці, які навучыў мяне вярнуцца да вас, тата. Навучыў мяне вярнуцца да вас!
Калі яна, зноў заліўшыся слязмі, яшчэ мацней прыцісаўлася да яго, ён пацалаваў яе ў губы, плачучы над ёй і песцячы яе, і доўга, доўга ў доме была надзвычайная цішыня; яны абдымалі адно аднаго ў ззянні сонечнага святла, якое пранікла разам з Фларэнс.
Пакорліва ўступаючы яе просьбе, ён апрануўся; няцвёрдымі крокамі, з трывогай аглядаючыся на той пакой, дзе ён так доўга сядзеў замкнуўшыся і дзе бачыў сам сябе ў люстры, ён вышаў з Фларэнс у вестыбюль. Фларэнс павяла яго да карэты, якая чакала ля пад'езда, і павезла яго.
Тады міс Токс і Полі вышлі з патаемнага кутка і абрадаваліся, праліваючы слёзы. А пасля яны клапатліва склалі яго адзенне, кнігі і іншае і вечарам перадалі іх людзям, якіх прыслала па іх Фларэнс. А затым яны апошні раз селі піць чай у закінутым доме.
— Такім чынам, Домбі і Сын, як заўважыла я аднойчы з прычыны адной сумнай падзеі, — сказала міс Токс, падводзячы вынік успамінам, — стаў нарэшце Домбі і Дачкою.