— І якой цудоўнай дачкою! — усклікнула Полі.
— Ваша праўда, — сказала міс Токс, — і вам робіць гонар, Полі, тая акалічнасць, што вы былі яе другам, калі яна была маленькай дзяўчынкай. Вы зрабілася яе другам значна раней, чым я, Полі, — сказала міс Токс, — вы добрая жанчына. Робін!
Міс Токс звярталася да круглагаловага юнака, які, відаць, зусім не меў поспехаў, быў у надзвычай дрэнным настроі і сядзеў у далёкім кутку.
— Робін, — прадаўжала міс Токс, — магчыма, вы чулі, як я сказала вашай матцы, што яна добрая жанчына.
— І гэта шчырая праўда, міс! — з пачуццём адазваўся Тачыльшчык.
— Надзвычайна, — сказала міс Токс, — рада чуць гэта ад вас. А цяпер, Робін, з прычыны таго што, па вашай настойлівай просьбе, я маю намер дзеля вопыту ўзяць вас да сябе на службу з мэтай вярнуць вам рэспектабельнасць, я скарыстаю гэты знамянальны момант і зраблю наступную заўвагу: спадзяюся, вы ніколі не забудзецеся, што ў вас ёсць і заўсёды была добрая маці, і пастараецеся трымацца так, каб быць для яе ўцяшэннем.
— Дапраўды, пастараюся, міс, — адказаў Тачыльшчык. — Я многа перажыў на сваім вяку, і цяпер, міс, намеры ў мяне такія добрыя, якія толькі могуць быць у хлапца.
— Я вам параіла-б, Робін, замяніць гэтае слова іншым, — далікатна сказала міс Токс.
— У малайца, міс.
— Не, Робін, — запярэчыла міс Токс. — Я палічыла-б за лепшае слова індывідыум.
— У індывідва, — сказаў Тачыльшчык.
— Гэта значна лепш, — добрадушна заўважыла міс Токс, — куды больш выразна!
— Паслухайце, міс, і вы, матуля, — прадаўжаў Роб, — калі-б не зрабілі мяне Тачыльшчыкам, а гэта было вялікім няшчасцем для хлап… для індывідва…
— Надта добра, — згодліва заўважыла міс Токс.
— … І калі-б мяне не збілі з панталыку птушкі і калі-б я не трапіў на службу да дрэннага гаспадара, — прадаўжаў Тачыльшчык, — мне здаецца, з мяне быў-бы толк. Але ніколі не позна хлап…
— Інды… — падказала міс Токс.
— … відву выправіцца, — скончыў Роб Тачыльшчык.
Калі міс Токс надзела капялюш і шаль і тое самае зрабіла і Полі, Роб абняў матку і пайшоў за сваёй новай гаспадыняй. Пасля Полі патушыла свечку, замкнула парадныя дзверы, аддала ключ жыўшаму па суседству агенту і паспяшалася дадому, загадзя радуючыся тым узрушаным крыкам, якія выкліча яе нечаканае з'яўленне.