Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/581

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

страце сваіх двух дзяцей. Цяпер гэта было ўжо не адно дзіця. Ён злучыў іх у думках, і яны ніколі не разлучаліся.

Нарэшце, ён пачаў думаць аб тым, што яму няма чаго адсюль ісці. Ён можа адмовіцца ад усяго, пакінутага яму крэдытарамі (яны пакінулі-б яму больш, каб ён гэтага захацеў), і парваць з усім, што звязвала яго з разбураным домам, парваць другую ніць…

Вось тады ў былым пакоі эканомкі чуваць былі яго крокі, калі ён хадзіў узад і ўперад, але не зразумела было сапраўднае іх значэнне, інакш гэтыя гукі здаліся-б жудаснымі.

Домбі і Сына больш не было, дзяцей яго больш не было. Аб гэтым патрэбна было добра падумаць заўтра.

Ён падумаў аб гэтым заўтра; і, седзячы ў сваім крэсле, вось што ён бачыў час ад часу ў люстры.

Зданнёвы, змучаны, пахудзелы яго двайнік сядзеў у глыбокай задуме ля халоднага каміна. Вось ён падняў галаву, разглядаючы маршчыны і ўпадзіны на сваім твары, зноў апусціў яе і зноў задумаўся. Вось ён устаў, прайшоўся ўзад і ўперад, вось ён вышаў у другі пакой і вярнуўся, хаваючы на грудзях нейкую рэч, узятую з туалетнага століка. Вось ён паглядзеў на шчыліну ўнізе ля дзвярэй і задумаўся.

Ціха! Аб чым ён думаў?

Ён думаў аб тым, што калі струменьчык крыві пацячэ ў той бок, то пройдзе не мала часу, перш чым ён пранікне ў вестыбюль. Аб гэтым ён думаў доўга, пасля ўстаў і прайшоўся па пакоі, хаваючы руку за пазухай. Містэр Домбі зрэдку паглядаў на яго, з цікавасцю сочачы за яго рухамі, і заўважыў, што гэта рука здаецца злачыннай і зладзейскай.

Двайнік сеў. Скіраваўшы позірк на халодны камін, а калі яго апанавала задуменне, у пакой пранік прамень святла, сонечны прамень. Ён нічога не заўважаў і сядзеў у задуменні. І нечакана ўсхапіўся з пакарэжаным тварам, і гэта злачынная рука сціснула штосьці, схаванае за пазухай. Раптам яго спыніў крык — шалёны, прарэзлівы, моцны, страсны крык, — і містэр Домбі ўбачыў толькі самога сябе ў люстры, а ля ног сваю дачку!

— Тата! Дарагі тата! Даруйце, даруйце мне! Я вярнулася, каб на каленях прасіць прабачэння! Без яго мне не быць шчаслівай.

Яна не змянілася. Адна ва ўсім свеце не змянілася. Павярнула да яго твар таксама, як у тую страшную ноч. У яго прасіла прабачэння!

— О, не глядзіце на мяне так дзіўна, дарагі тата! Я ніколі не хацела пакідаць вас. Я ніколі аб гэтым не думала, ні раней, ні пасля. Калі я пайшла, я была спалохана і не магла думаць. Тата, дарагі, я змянілася. Я каюся! Я ведаю сваю віну. Цяпер я лепш разумею свой абавязак. Тата, не адкідайце мяне, інакш я памру!

Хістаючыся, ён дайшоў да свайго крэсла. Ён адчуў — яна абвіла яго рукамі вакол сваёй шыі; ён адчуў — яна сама абвіла

577