— Ах, С’юзен, калі ласка, зайдзіце і прысядзьце на хвілінку, — сказала Полі. — Гэта мая сястра Джэмайма, вось Джамайма, не ведаю, што-б я рабіла, калі-б не С’юзен Ніпер; калі-б не яна, не было-б мяне тут сёння.
— Ах, прысядзьце, калі ласка, міс Ніпер, — падхапіла Джэмайма.
С’юзен з велічным і цырамонным выглядам прысела на самы кончык крэсла.
— Я ніколі яшчэ нікому так не была рада, міс Ніпер, сапраўды, ніколі, — сказала Джэмайма.
С’юзен, памякчэўшы, лёгенька пасунулася на крэсле і міласціва ўсміхнулася.
— Калі ласка, міс Ніпер, развяжыце істужкі капелюша і будзьце як дома, — угаварвала Джэмайма. — Баюся, што вы не бывалі ў такім бедным жыллі, але вы зробіце нам ласку, я ўпэўнена ў гэтым.
Чорнавокая была так узрадавана гэтым пачцівым абыходжаннем, што пасадзіла сабе на калені маленькую міс Тудль, якая прабягала паўз яе, і павезла яе на Бенберы Крос[1].
— А дзе-ж мой любы хлопчык? — запыталася Полі. — Мой бедны хлопчык? Я прышла зірнуць, як ён выглядае ў новай вопратцы.
— Ах, як шкада! — усклікнула Джэмайма. — Як ён будзе сумаваць, калі даведаецца, што мама была тут! Ён у школе, Полі.
— Пайшоў ужо?
— Так. Учора ён пайшоў першы раз, баючыся прапусціць вучэнне. А сёння займаюцца палавіну дня, Полі. Ах, калі-б вы маглі пачакаць, пакуль ён вернецца дадому… Вы і міс Ніпер, зразумела, — сказала Джэмайма, своечасова ўспомніўшы аб самалюбнасці чорнавокай.
— А які ў яго выгляд, Джэмайма, памажы яму божа? — баязліва запыталася Полі.
— Ды ўжо не такі благі, як вы, магчыма, думаеце, — адказала Джэмайма.
— Ах! — прачула сказала Полі. — Я ведала, што ногі ў яго будуць вельмі кароткімі.
— Ногі ў яго сапраўды кароткія, — адказвала Джэмайма, — асабліва ззаду; але яны з кожным днём будуць рабіцца даўжэйшымі.
Гэта пацяшэнне разлічана было на будучыню; але бадзёрасць і добрадушнасць, якія яго суправаджалі, надалі яму цану, якой яно само па сабе не мела. Пасля мінутнага маўчання Полі запыталася больш вясёлым тонам:
— А дзе бацька, любая Джэмайма? — бо гэтым патрыярхальным імем звычайна называлі ў сям’і містэра Тудля.
- ↑ Павязла на Бенберы Крос — забаўляла дзіця, падкідала яго на калене і спявала песеньку аб паездцы к Бенберы Крос.