Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ну, вось! — усклікнула Джэмайма. — Як шкада. Сёння раніцой бацька ўзяў з сабою абед і дадому вернецца толькі пад вечар. Але ён заўсёды гаворыць пра вас, Полі, і расказвае пра вас дзецям, і ён — самае ціхае, цярплівае і смірнае стварэнне на свеце.

— Дзякуй, Джэмайма! — усклікнула простадушная Полі, абрадаваная гаворкаю і засмучаная адсутнасцю містэра Тудля.

— О, няма за што дзякаваць мне, Полі, — адказвала сястра, моцна цалуючы яе ў шчаку і весела падкідаючы на руках маленькага Поля. — Іншы раз я таксама і пра вас гавару і думаю.

Не гледзячы на падвойнае расчараванне, нельга было лічыць няўдалым візіт, які быў варты такога прыёму; таму сёстры бадзёра гутарылі аб сямейных справах, аб Байлеры і аб усіх яго братах і сёстрах. Калі распачалі агульную размову, каб чорнавокая не асядлала свайго канька і не пачала папікаць, гэтая маладая лэдзі расказала каротка Джэмайме усё, што ведала пра містэра Домбі, як ён глядзіць на будучыню сям’і, занятках і характары, дала таксама падрабязны пералік свайго асабістага гардэроба і справаздачу пра бліжэйшых сваякоў і сяброў сваіх. Аблягчыўшы душу гэтымі выказваннямі, яна пакаштавала крэветак[1] і портэра і выказала гатоўнасць даць клятву ў вечнай дружбе.

Маленькая Фларэнс таксама не прамінула выпадку пакарыстацца абставінамі, бо, калі маленькія Тудлі павялі яе аглядаць паганкі і іншыя выдатнасці Садоў, яна з захапленнем пачала будаваць разам з імі ў зялёнай лужынцы, якая ўтварылася ў кутку, часовую плаціну. Яна яшчэ была занята гэтай работай, калі яе знайшла С’юзен, якая, — такое ў яе было пачуцце абавязку, не гледзячы нават на ўціхамірваючае дзеянне крэветак, — звярнулася да яе з павучальнай прамовай (якая перапынялася кухталямі) на тэму аб яе заганнай натуры, абмываючы ёй пры гэтым твар і рукі, і прадракла, што яна давядзе да сівых валасоў усю сваю сям’ю, якая з гора сойдзе ў магілу. Пасля некаторай затрымкі, выкліканай досыць доўгай канфідэнцыяльнай гутаркай наверсе, аб грашовых справах, паміж Полі і Джэмаймай, зноў быў утворан абмен дзяцей, — бо Полі ўвесь час не спускала з рук свайго ўласнага дзіцяці, а Джэмайма маленькага Поля, — і наведвальнікі развіталіся.

Але спярша маленькіх Тудляў, афяр добранамернага ашуканства, спакусілі накіравацца ўсіх у крамку з прычыны неабходнасці патраціць пені, і, калі дарога была вольнай, Полі ўцякла; Джэмайма крыкнула ёй услед, што, калі-б яны маглі па дарозе назад даць круга ў бок Сіці Род, яны абавязкова сустрэлі-б маленькага Байлера, які варочаецца са школы.

— Як вы думаеце, С’юзен, ці паспеем мы дайсці туды? — запыталася Полі, калі яны спыніліся, каб перавесці дух.

— А чаму-б не паспець, місіс Рычардс? — адазвалася С’юзен.


  1. Крэветка — ракападобная жывёліна, ужываемая ў ежу.

55