Мясцовыя жыхары лічылі Сады Стэгса свяшчэнным гаем, які не знішчаць чыгункі, і былі яны так упэўнены ў яго здольнасці перажыць усе гэтыя недарэчныя вынаходствы, што камінар на рагу, які, як было вядома, кіраваў мясцовай палітыкай Садоў, абяцаў на ўвесь голас загадаць у дзень пачатку руху на чыгунцы — калі толькі ён калі-небудзь пачнецца — двум з сваіх хлапчукоў, каб тыя ўскарабкаліся па дымаходах яго жылля з наказам вітаць няўдачу насмешлівымі выкрыкамі з комінаў.
У гэтае паганае месца, сама назва якога да гэтага часу старанна ўтойвалася ад містэра Домбі яго сястрою, быў прынесен цяпер маленькі Поль Лёсам і Рычардс.
— Вось мой дом, С’юзен, — паказваючы на яго, радасна сказала Полі.
— На самай справе, місіс Рычардс? — спагадліва адазвалася С’юзен.
— І, сапраўды-ж, у дзвярах стаіць мая сястра Джэмайма, — усклікнула Полі, — і на руках у яе мой любы, ненаглядны малютка!
Відовішча гэта надало нецярплівасці Полі такія магутныя крыллі, што яна рушыла бягом па Садах і, падляцеўшы да Джэмаймы, у адзін момант абмянялася з ёю дзецьмі, на вялікае здзіўленне гэтай юнай асобы, на якую наследнік Домбі нібы з неба зваліўся.
— Ах, Полі! — усклікнула Джэмайма. — Гэта вы! Ну і перапалохалі-ж вы мяне! Хто-б мог падумаць? Заходзьце, Полі! Які ў вас цудоўны выгляд! Дзеці звар’яцеюць, калі ўбачаць вас, Полі, сапраўды звар’яцеюць.
Так і здарылася, калі меркаваць па шуму, які яны паднялі, і па тым, як яны рынуліся да Полі і пацягнулі яе да глыбокага крэсла ля каміна, дзе яе сумленны твар, падобны на яблыка, адразу акружылі яблычкі драбнейшыя, усе туліліся да яго сваімі ружовымі шчочкамі і ўсе, як відаць, даспелі на адным і тым-жа дрэве. Што да Полі, то яна ўзняла такі шум і вазню, як і дзеці, і сумятня крыху пацішэла не раней, чым яна зусім задыхалася, валасы пасмамі спусціліся на расчырванелы твар, а новая сукенка, пашытая з прычыны хрысцін, была вельмі пакамечана. Але і тады малодшы Тудль аставаўся ў яе на каленях і моцна абдымаў яе за шыю абодвума рукамі, а другі Тудль ускарабкаўся на спінку крэсла і, гойдаючы адной нагой у паветры, рабіў адважныя спробы пацалаваць яе цішком.
— Паглядзіце, да вас у госці прышла прыгожанькая маленькая лэдзі, — сказала Полі. — Бачыце, якая яна ціхенькая! Якая прыгожая маленькая лэдзі, праўда?
Гэты ўспамінак аб Фларэнс, якая стаяла ля дзвярэй, наглядаючы за падзеямі, прыцягнула да яе ўвагу малодшых парасткаў і таксама шчасліва дапамагала афіцыйнаму прызнанню міс Ніпер, у якой ужо ўзнікла апасенне, што ёю пагарджалі.