— І чым-жа гэта ўсё скончыцца? — Прадаўжае місіс Чык, ніякай увагі не звяртаючы на заўвагі місіс Піпчын. — Вось што хацелася-б мне ведаць. Што мае намер рабіць мой брат? Ён павінен штосьці зрабіць. Няма ніякага сэнсу сядзець запёршыся ў пакоі. Вядома, ён мог-бы пераехаць да нас. Думаю, яму вядома, што ў нас ён можа адчуваць сябе як дома? Містэр Чык літаральна засмучаны гэтым, і я сама сказала брату: «Поль, няўжо вы думаеце, што цяпер, калі вашы справы прышлі ў расстройства, вы не будзеце адчуваць сябе як дома, жывучы ў нас, у сваіх блізкіх сваякоў? Няўжо вы думаеце, што быццам мы падобны да ўсіх іншых членаў свецкай грамады». Не, ён астаецца тут і адсюль не пойдзе. Божа мой, дом могуць здаць у арэнду! Што ён будзе рабіць тады? Ён-жа ўжо не можа астацца дома. І вось я зноў варочаюся да таго, што сказала, і пытаюся: чым-жа гэта ўсё скончыцца?!
— Я ведаю, чым гэта скончыцца, паколькі справа датычыць мяне, — адказвае місіс Піпчын, — і з мяне гэтага хопіць. Я маю намер адсюль знікнуць.
— Што, місіс Піпчын? — перапытваецца місіс Чык.
— Знікнуць, — рэзка паўтарае місіс Піпчын.
— Ну, што-ж, я не магу дакараць вас, місіс Піпчын, — шчыра гаворыць місіс Чык.
— А мне ўсёроўна, калі-б вы і маглі дакараць, — адказвае ўедлівая Піпчын. — Як-бы там ні было, а я пайду. Я не магу тут аставацца. Я праз тыдзень памерла-б. Учора я павінна была сама падсмажыць сабе свінную катлету, а я да гэтага не прывыкла. Маё здароўе парушыцца. Апрача таго, у мяне былі надзвычайныя сувязі ў Брайтоне, калі я адтуль паехала, — адны толькі родныя маленькай Пэнкі плацілі мне восемнаццаць фунтаў. Такія сувязі я не магу траціць. Я напісала пляменніцы, і яна ўжо чакае мяне.
— Вы гаварылі з маім братам? — пытаецца місіс Чык.
— О, так, вам лёгка пытацца, ці гаварыла я з ім! — адказвае місіс Піпчын. — Як з ім пагаворыш? Учора я яму крыкнула, што я тут больш не патрэбна і хацела-б паслаць па місіс Рычардс. Ён штосьці прабурчэў у знак згоды, і я паслала па яе. Прабурчэў! Каб ён быў містэрам Піпчынам, вось тады ў яго былі-б падставы бурчэць! Так! Гэта зусім выводзіць мяне з цярплівасці.
Да апошняй хвіліны наракаючы на дзіўны характар свайго брата, місіс Чык паціхеньку выходзіць, занятая думкамі аб сваёй уласнай праніклівасці і аб сваім ясным розуме.
На змроку містэр Тудль, скончыўшы са сваімі службовымі абавязкамі, з'яўляецца з Полі і куфэркам і, звонка пацалаваўшы Полі, пакідае яе і куфэрак у вестыбюлі спустошанага дома; закінуты выгляд гэтага дома надта зніжае жыццедзейнасць містэра Тудля.