батарэі алавяных кубкаў за параднымі дзвярыма. Адзін з джэнтльменаў, узброены пяром і чарнільніцай, аглядае ўвесь дом, апошні раз аказваючы яму ўвагу, наклейвае на вокны білецікі, якія абвяшчалі аб здачы ў наём надзвычайнага асабняка, і зачыняе акяніцы. Нарэшце, і ён адыходзіць. Не астаецца нікога з няпрошаных гасцей. Дом зрабіўся развалінай, і пацукі ўцякаюць з яго.
Апартаменты місіс Піпчын, а таксама тыя замкнутыя на ключ пакоі ў ніжнім паверсе, дзе зачынены жалюзі, не былі спустошаны. Пакуль цягнулася гэта працэдура, місіс Піпчын, суровая і непрыступная, аставалася ў сваім пакоі, часамі з’яўляючыся на аукцыёне, каб даведацца, колькі даюць за рэчы, і прапанаваць цану за намечанае ёю крэсла. Місіс Піпчын прапанавала большую цану за гэта крэсла, і яна сядзіць на сваёй уласнасці, калі місіс Чык прыходзіць наведаць яе.
— Як адчувае сябе мой брат, місіс Піпчын? — пытаецца місіс Чык.
— Аб гэтым мне вядома не больш, чым чорту, — кажа місіс Піпчын. — Ён не лічыць патрэбным размаўляць са мною. Ежу і піццё прыносяць у пакой сумежны з яго пакоем, а ён выходзіць і заносіць яе да сябе, калі нікога там няма.
— Божа мой! — пакорліва ўскліквае місіс Чык. — Калі гэтаму канец? Місіс Піпчын, калі мой брат не зробіць намагання, што-ж з ім будзе?
— Якое глупства! — кажа місіс Піпчын, паціраючы нос. — На маю думку, замнога шуму падымаюць з прычыны гэтага. Зусім гэта ўжо не такі надзвычайны выпадак! Людзям і раней здаралася трапляць у бяду і расставацца са сваёй мэбляй. Мне гэта ва ўсякім выпадку выпала на долю!
— Мой брат, — глыбокадумна прадаўжае місіс Чык, — такі незвычайны… такі дзіўны чалавек. Гэта самы незвычайны чалавек з усіх, каго я ведаю. Ну, хто паверыць, што, даведаўшыся аб замустве і ад’ездзе з Англіі гэтай дзіўнай дачкі, — цяпер мне на ўсцеху ўспомніць аб гэтым, што я заўсёды заўважала нешта ў гэтым дзіцяці, але да маіх слоў ніколі не прыслухоўваюцца, — хто паверыць, кажу я, што ён раптам наваліўся на мяне! Мяркуючы па майму тону, заявіў ён, былі падставы думаць, быццам яна жыла ў мяне! Ах, божа мой! Ну, хто паверыць, што, калі я сказала яму: „Поль, магчыма я надта дурная, і, вядома, гэта так і ёсць, але я не магу зразумець, якім чынам вашы справы прышлі ў такое расстройства?“, ён літаральна накінуўся на мяне і забараніў наведваць яго да таго часу, пакуль ён сам мяне не пакліча? Ах, божа мой!
— Так! — кажа місіс Піпчын. — Шкада, што яму не даводзілася мець справы з капальнямі. Яны-б выпрабавалі яго цярплівасць.