Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/542

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цягнуліся ўгару і пад гару, да здрадніцкага гарызонта. Раніца, поўдзень і заход сонца; ноч і ўсход маладога месяца.

Гэта быў прывід: пакінуць на час доўгія дарогі і ехаць па дрэнным бруку: стукаць і грымець па ім і пазіраць на званіцу, якая падымаецца над дахамі дамоў; выйсці з экіпажа, таропка закусваць і вялікімі глыткамі піць віно, якое не надавала бадзёрасці.

Не спаць, але часамі драмаць з адкрытымі вачыма і, уздрыгануўшы, усхапіцца і голасна адгукнуцца на зданнёвы голас. Праклінаць самога сябе за тое, што ён знаходзіцца тут, за тое, што ўцёк, за тое, што даў ёй магчымасць уцячы, за тое, што не сустрэўся з ім і не зрабіў яму выкліку. Вечна жыць у варожасці з усім светам, але перш за ўсё — з самім сабой.

Гэта было ліхаманкавым прывідам: вобразы мінулага, пераблытаныя з вобразамі сучаснага; яго жыцце і ўцёкі, што зліліся разам. Шалёна спяшацца кудысьці, дзе ён павінен быць. Старыя сцэны, якія ўрываліся ў тое новае, што траплялася яму па дарозе.

Гэта быў прывід: бясконцыя перамены, і ўсё той самы аднастайны звон бубенчыкаў, стук колаў і капытоў, і няма спакою. Гарады і вёскі, паштовыя станцыі, коні, узгоркі і даліны, святло і цемра, дарогі і брук, горы і даліны, дождж і пагода, і ўсё той самы аднастайны звон бубянцоў, стук колаў і капытоў, і няма спакою.

Гэта быў прывід. Пад'язджаць, нарэшце, па больш залюдненых дарогах да далёкай сталіцы і імчацца міма старадаўніх сабораў і праз маленькія гарадкі і вёскі, раскіданыя цяпер пры дарозе больш густа, чым раней, і сядзець, стуліўшыся ў кутку, прыкрыўшы твар плашчом, калі прахожыя глядзелі на яго. Пакутваць ад смагі і адчуваць галавакружэнне і блізкасць вар'яцтва. І ўсё-такі рвацца ўперад, нібы ён не мог спыніцца, і ўехаць у Парыж, дзе мутная рака па-ранейшаму каціла свае быстрыя воды.

Гэта быў прывід: аднастайны звон бубянцоў і стук колаў і капытоў, нарэшце, паглынутыя шумам і грукатам. Паступовае заміранне гэтага гулу, калі ён выехаў у другім экіпажы, праз другую заставу. Зноў аднастайны звон, калі ён ехаў да морскага берагу, звон бубянцоў і стук колаў і капытоў, і няма спакою.

Гэта быў прывід: павольна падняцца на ўзгорак і на вяршыні яго адчуць свежы марскі вецер і ўбачыць водбліскі ранішняга святла на грэбенях далёкіх хваль. Спусціцца ў порт у момант прыліву і бачыць рыбацкія лодкі, што варочаюцца назад, і радасна чакаючых жанчын і дзяцей. Адыходзіць ад берагу і пазіраць на яго з палубы, калі ён здаваўся туманнай смугой, дзе-ні-дзе прарэзаным сонцам, якое асвятляла зямлю. Зыб, пырскі і шэпт ціхага мора. Другая шэрая паласа на вадзе, на шляху судна, што хутка святлела і ўздымалася. Кручы, дамы, млыны, цэрквы, што вырысоўваліся ўсё ясней і ясней.

538