Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/541

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Зноў і зноў ён прыслухоўваўся, ці не чуваць за яго спіной стуку колаў. Зноў і зноў яму здавалася быццам гэты гук робіцца ўсё мацнейшым і мацнейшым. Нарэшце, ён да такой ступені ў гэтым пераканаўся, што крыкнуў: «Стой!», нават страту часу, лічыў за лепшае, чым такая няўпэўненасць.

— Чорт пабяры! — крыкнуў фарэйтэр азірнуўшыся. — У чым справа?

— Прыслухайцеся! Што гэта такое?

— Што?

— Што гэта за шум?

— Ах, ліха-б цябе ўзяло, стой спакойна, разбойнік! — Пры гэтых словах ён звярнуўся да каня, які страсянуў бубенчыкамі.

— Які шум?

— Ззаду. Ці не імчыцца хто галопам? Вось! чуеце?

— Уродзіна, свіное рыла, стой спакойна! — Гэта тычылася другога каня, які ўкусіў свайго суседа, што напалохаў двух іншых коней, а тыя рвануліся ўперад і спыніліся. — Нікога там няма.

— Нікога?

— Нікога, хіба толькі досвітак хутка.

— Здаецца, вы не памыляецеся. Цяпер і я нічога не чую. Паганяйце коней!

І вось пацямнелі зоркі, развіднівала, і ён, стоячы ў фаэтоне і аглядаючыся назад, мог адрозніць дарогу, па якой праехаў, і пераканацца, што на ёй не відаць нікога. І неўзабаве развіднела, і сонца асвятліла палі і вінаграднікі; і рабочыя, па адным выходзячы са сваіх маленькіх часовых халуп, размешчаных каля каменняў, наваленых ля дарогі, папраўлялі праезджую дарогу або жавалі хлеб. Пасля паказаліся сяляне, што ішлі на работу або на рынак, ляніва паглядаючы на яго, калі ён праязджаў міма.

Панура стуліўшыся ў кутку фаэтона і імкнучыся толькі ехаць хутка, — часамі ён уставаў і ехаў стоячы на працягу цэлай мілі і пазіраў назад, калі вакол была адкрытая мясцовасць, — ён рушыў далей, па-ранейшаму адкладаючы размышленні на няпэўны тэрмін, па-ранейшаму пакутуючы ад няпэўных думак.

Аднастайны звон бубянцоў і стук капытоў, аднастайнасць яго трывогі і бяссільнай лютасці, аднастайнае чаргаванне страху, шкадаванняў і гневу ператварылі гэта падарожжа ў нейкі прывід, у якім не было нічога рэальнага, апрача яго ўласных мучэнняў.

Гэта быў прывід: доўгія дарогі, што цягнуліся да гарызонта, які заўсёды адступаў і якога цяжка дасягнуць; масты, цэрквы, паштовыя станцыі, новыя коні, якіх запрагалі супроць іх волі; маленькія могілкі з чорнымі пакрыўленымі крыжамі на магілах і вісеўшымі на іх завяўшымі вянкамі, зноў доўгія дарогі, што

537