Высадзіцца на бераг, цурацца ўсіх і кожнага; і быць, нарэшце, зноў ў Англіі.
У гэтай напоўдрымоце яму прышла ў галаву думка паехаць у аддаленую вёску, якую ён ведаў, прытаіцца там, выведаць навакольным шляхам, якія разыйшліся чуткі, вырашыць, як патрэбна дзейнічаць. Усё ў тым-жа прыглушаным стане ён успомніў аб адной чыгуначнай станцыі, адкуль ён павінен быў ехаць па другой ветцы да месца свайго прызначэння і дзе была скромная гасцініца. Ён смутна падумаў аб тым, што можна спыніцца там і адпачыць.
З такімі намерамі ён пастараўся як мага хутчэй прашмыгнуць у вагон, лёг, закруцўшыся ў плашч і прыкінуўшыся, што спіць, і яго хутка аднеслі ад мора ў глыбіню краіны, да зелянеючых палёў. Прыехаўшы на станцыю, ён выглянуў з акна і ўважліва агледзеў яе. Успаміны аб ёй, здавалася, не ашукалі яго. Гэта было самотнае месцечка на ўскраі невялікага лесу. Толькі адзін дом быў відаць там, нанава пабудаваны, акружаны надзвычайным садам; бліжэйшы маленькі гарадок знаходзіўся на адлегласці некалькіх міль. Тут ён вышаў з вагона, і, нікім не заўважаны, накіраваўся проста ў таверну і заняў два сумежныя пакоі, размешчаныя ў баку.
Ён хацеў адпачыць і зноў набыць самаўладанне і душэўную роўнавагу. Быў ён аглушаны і адчуваў страшэнную стомленасць.
— Які ў нас сёння дзень? — запытаўся ён у лакея, які накрываў стол да абеду.
— Які дзень, сэр?
— Сёння серада?
— Серада, сэр? Не, сэр. Чацвер, сэр.
— Я забыўся. Якая гадзіна? У мяне гадзіннік не заведзены.
— Пяць гадзін без некальк хвілін, сэр. Напэўна, доўга падарожнічалі, сэр?
— Так.
— Па чыгунцы, сэр?
— Так.
— Надта стомна, сэр.
— Шмат бывае прыезджых?
— Так, сэр. Але цяпер нікога няма.
Пасля абеду ён выпіў шмат віна, але дарэмна. Такімі штучнымі сродкамі ён не мог сябе заспакоіць. Не было забыцця, і не было спакою.
Колькі часу ён сядзеў, піў і думаў — на гэта ніхто не мог адказаць з меншай упэўненасцю, чым ён сам. Але ён ведаў, што сядзеў доўга, гарэла свечка, і раптам ён усхапіўся і з жахам пачаў прыслухоўвацца.