Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/540

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Здавалася яму, што ён ішоў доўга і прайшоў вялікую адлегласць, часта спыняючыся і прыслухоўваючыся. Нарэшце, да яго насцярожанага слыху даляцеў звон бубянцоў. Звонячы то цішэй, то мацней, то зусім заміраючы, то спыняючы званіць там, дзе была надта дрэнная дарога, то звонячы бойка і весела, — яны набліжаліся і, нарэшце, моцна закрычаўшы і ляснуўшы пугай, фарэйтар[1], захутаны па вушы, спыніў каля яго чацвёрку коней.

— Хто там ідзе? Мс'е?

— Так.

— Мс'е прайшоў не малую дарогу ў цёмную ноч.

— Глупства. У кожнага свой густ. Больш ніхто не заказваў коней на паштовай станцыі?

— Тысяча чарцей! Прашу прабачэння! Ці заказваў хто коней? У такі час? Не.

— Слухайце, прыяцель! Я надта спяшаюся. Паглядзім, ці хутка мы будзем пасоўвацца ўперад. Чым хутчэй, тым больш атрымаеце на выпіўку. У дарогу! Жвавей!

— Хало! Хуп! Хало! Хі!

І галопам уперад, па чорнай раўніне, распырскваючы пыл і гразь!

Ён не мог думаць колькі-небудзь складна. Ён не мог аддзяліць адзін прадмет размышлення ад другога настолькі, каб хоць на хвіліну сканцэнтравацца толькі на ім. Затоеную нянавісць да жанчыны, якая, завабіўшы яго ў гэту пастку, адпомсціла за сябе, ён адчуваў увесь час; і ўродлівыя планы помсты роіліся ў яго галаве, але ўсё гэта было туманна. Думкі яго хутка і непаслядоўна змянялі адна другую. І калі ён так ліхаманкава і бясплодна спрабаваў разважаць, яго ўпарта праследвала думка, што лепш-бы яму адкласці развагі на нейкі няпэўны тэрмін.

Пасля яму ўспомніліся даўно прамінуўшыя дні, што перажыў ён перад другім шлюбам. Ён успомніў аб тым, як зайздросціў сыну, як зайздросціў дачцэ, з якім спрытам утрымліваў на адлегласці ўсіх, хто дамагаўся блізкага знаёмства, як абвёў ашуканага ім чалавека рысай, праз якую ніхто, апрача яго, не мог пераступіць, а тады ён падумаў: няўжо ўсё гэта ён рабіў для таго, каб уцякаць цяпер, як зацкаваны злодзей, ад гэтага ашуканага ім небаракі?

Ён гатоў быў пакончыць самагубствам, караючы сябе за баязлівасць, але гэта баязлівасць была сапраўды ценем яго паражэння, якога нельга было адарваць ад яго. Апантаны бяссільнай злосцю, ён ненавідзеў Эдзіт, ненавідзеў містэра Домбі, ненавідзеў самога сябе, але тым не менш ён уцякаў і нічога іншага не мог зрабіць.


  1. Фарэйтар — слуга, які едзе конна на адным з коней, запрэжаных чацвёркай або шасцёркай у экіпаж.

536