Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/539

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РАЗДЗЕЛ LV

Роб Тачыльшчык пазбаўляецца месца.

Вартаўнік ля жалезных варот, што аддзялялі двор ад вуліцы, пакінуў дзверы старожкі адчыненымі і пайшоў, маючы намер, бясспрэчна, далучыцца да тых, хто падняў шум ля дзвярэй на пляцоўцы параднай лесвіцы. Асцярожна падняўшы засоўку, Каркер вышмыгнуў на вуліцу, стараючыся не шумець, прычыніў скрыпучыя вароты і паспяшаўся пайсці.

У ліхаманкавай трывозе, выкліканай яго знявагай і бяссільнай злосцю, ён канчаткова паддаўся ахапіўшаму яго панічнаму страху. Страх дасягнуў такіх памераў, што Каркер гатоў быў слепа кінуцца насустрач усякай небяспецы, толькі-б не сутыкнуцца з чалавекам, якога ён дзве гадзіны назад лічыў не заслугоўваючым увагі.

Ён падняў парочны твар, пакарэжаны трывогай, да начнога неба, дзе зоркі, такія спакойныя, свяцілі таксама, як і ў тую хвіліну, калі ён, крадучыся, вышаў у двор; і ён спыніўся, каб падумаць аб тым, што цяпер рабіць. Баязнь хавацца ў чужым далёкім горадзе, дзе закон, магчыма, не абароніць яго, баязнь — яшчэ больш моцная — шукаць прытулку ў Італіі або Сіцыліі, дзе наёмны забойца можа прыкончыць яго ў цёмным завулку — недарэчная думка, унушаная грэхам і страхам, — і, нарэшце, нейкае смутнае жаданне дзейнічаць насуперак ранейшым сваім намерам, калі ўжо ў яго ўсе планы рухнулі, — усё гэта штурхала яго ехаць у Англію.

«Там я буду ва ўсякім выпадку ў большай бяспецы, — падумаў ён. — Калі я вырашу не сустракацца з гэтым вар'ятам, там мяне цяжэй будзе высачыць, чым тут, за граніцай. Калі-ж я адважуся на сустрэчу (калі пройдзе гэты пракляты прыпадак), я буду, прынамсі, не адзін, як тут, дзе няма каму слова сказаць, няма з кім параіцца, няма нікога, хто-б мне дапамог. Там мяне не будуць гнаць і цкаваць як пацука».

Ён прамармытаў праз зубы імя Эдзіт і сціснуў руку ў кулак. Прабіраючыся ў цені масіўных будынкаў, ён сціскаў зубы, заклікаючы на яе галаву страшэнныя праклёны і аглядаўся па баках, як быццам шукаў яе. Крадучыся, ён дайшоў да варот пастаялага двара. Усе спалі; але калі ён пазваніў, то з'явіўся нейкі чалавек з ліхтаром, і хутка ён ужо стаяў з гэтым чалавекам у карэтным будынку і дамаўляўся аб найме старога фаэтона[1], каб ехаць у Парыж.

Дамовіліся хутка, і адразу-ж паслалі прывесці коней. Даўшы распараджэнне, каб экіпаж паехаў услед за ім, ён, крадучыся, выбраўся з горада, прамінуў стары крэпасны вал і вышаў на дарогу; яна нібы струменіла патокам па цёмнай раўніне.


  1. Фаэтон — адкрыты лёгкі экіпаж.

535