Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/535

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і ўсякага прынятага мною рашэння, калі будзеце напамінаць мне аб тым, што мы тут адны і няма адкуль чакаць дапамогі? Калі-б я баялася вас, хіба была-б я тут у глухую ноч і сказала-б вам тое, што маю намер сказаць?

— Што-ж іменна, прыгожая капрызніца? — запытаўся ён.

— Я нічога вам не скажу, пакуль вы не сядзеце вунь на тое крэсла, — адказала яна, — або скажу толькі адно: не падыходзьце да мяне! Ні кроку далей!

— Ці не прымаеце вы мяне за свайго мужа? — усміхнуўся ён.

Нічога не адказваючы яму, яна выцягнула руку, паказваючы на крэсла.

Ён прыкусіў губу, нахмурыўся, засмяяўся і сеў.

Яна паклала нож на стол і, дакрануўшыся рукою да карсажа, сказала:

— Тут у мяне схованы зусім не сувенір кахання. Не жадаючы яшчэ раз цярпець ваша дакрананне, я павярну гэты прадмет супроць вас, — цяпер вы гэта ведаеце, — з большай ахвотай, чым супроць усякага з паўзучых гадаў!

Ён паспрабаваў весела засмяяцца і папрасіў яе хутчэй скончыць гэту камедыю, бо стыне вячэра.

— Колькі разоў, — прадаўжала Эдзіт, скіраваўшы на яго пануры позірк, — вы з уласцівай вам нагласцю і подласцю зневажалі мяне і крыўдзілі? Колькі разоў вы раздувалі агонь, на якім я курчылася на працягу двух год, і падбухторвалі мяне да помсты ў хвіліны самага жахлівага для мяне катавання?

— Не сумняваюся, пані, — адказаў ён, — што вы добрасумленна вялі падлік, і ён досыць дакладны. Годзі, Эдзіт! Усё гэта было да месца ў адносінах да гэтага бедака — вашага мужа…

— А што, калі-б, — пачала яна, сочачы за ім з такой ганарлівай пагардай і агідай, што ён мімаволі скурчыўся, як ні стараўся храбрыцца, — што, калі-б усе іншыя прычыны пагарджаць ім развеяліся, як пух, і замест іх досыць было толькі адной — той, што вы былі яго дарадчыкам і любімцам?

— З гэтай вось прычыны вы і ўцяклі са мною? — дакорліва запытаўся ён.

— Так, і таму вось мы і знаходзімся тварам у твар ў апошні раз. Няшчасны! Сёння ўночы мы сустрэліся і сёння ўночы расстанемся, бо я ні на хвіліну не астануся тут пасля таго, як выкажу ўсё!

Ён злосна павярнуўся да яе і схапіўся рукою за стол, але не ўстаў і нічога не адказаў.

— Я — жанчына, якую з самага дзяцінства ганьбілі. Мяне прадавалі і адкідалі, выстаўлялі напаказ і расхвальвалі, пакуль я не адчула глыбокай агіды. Мае бедныя, але гордыя сябры паглядалі на гэта з ухвалай, і ўсякая сувязь паміж намі парвалася ў маім сэрцы. Я асталася адна на свеце, вельмі добра памятаючы

531