— Я прыехала сюды адна, — сказала Эдзіт. — Мне так хацелася. Я прывыкла падарожнічаць; мне не патрэбны паслугі. Няхай нікога да мяне не прысылаюць.
Такім чынам, мс'е, дамагаючыся свайго немагчымага жадання, праводзіў абодвух слуг да знадворных дзвярэй і замкнуў іх за імі на ключ.
Калі шум замыкаемых Каркерам дзвярэй прайшоўся па ўсіх пакоях і даляцеў, нібы прыглушаны і прыдушаны, да гэтага апошняга і самага аддаленага пакоя, ён зліўся ў вушах Эдзіт з боем саборнага гадзінніка, які абвясціў поўнач. Яна чула, як Каркер спыніўся, таксама нібы прыслухоўваючыся, а пасля накіраваўся да яе, па дарозе зачыняючы за сабою ўсе дзверы. Яе рука на секунду адарвалася ад аксамітнага крэсла, каб прысунуць бліжэй нож, што ляжаў на стале; пасля яна села як і раней.
— Дзіўна, што вы прыехалі сюды адна, дарагая мая! — сказаў ён уваходзячы.
— Што гэта азначае? — усклікнула яна.
Яна сказала гэта такім рэзкім тонам, так злосна павярнула галаву, так няветліва зірнула на яго і так панура насупіла бровы, што ён з лямпай у руцэ спыніўся, пазіраючы на яе, нібы яна пазбавіла яго магчымасці рухацца.
— Я кажу — як дзіўна, што вы прыехалі сюды адна! — паўтарыў ён, нарэшце, паставіўшы лямпу і ўсміхаючыся самай ветлівай сваёй усмешкай. — Дапраўды-ж, гэта была залішняя перасцярога, якая магла нават пашкодзіць. Вы павінны былі наняць пакаёўку ў Гаўры або Руане, і часу ў вас для гэтага было дастаткова, хоць вы, мая дарагая, і самая капрызная і пераборлівая з усіх жанчын, а таксама і самая прыгожая. Сапраўднасць перавышае нават той вобраз, які я нястомна захоўваў у памяці ў часе гэтага пакутлівага выпрабавання і які я назіраў удзень і ўночы. Суровыя, жорсткія былі ўмовы выпрабавання! — з усмешкай прадаўжаў Каркер. — Але яны выкананы, асталіся ў мінулым, і тым больш цудоўнае, тым больш бяспечнае сучаснае! Мы знойдзем прытулак у Сіцыліі.
Ён весела накіраваўся да яе, але яна ўмомант схапіла са стала нож і адступілася на крок.
— Ні з месца! — сказала яна. — Не падыходзьце да мяне, калі вам дорага жыццё!
Абое пазіралі адно на аднаго. Твар яго выказваў раз'юшанасць і здзіўленне, але ён перамог гэтыя пачуцці і жартаўліва сказаў:
— Досыць, досыць! Мы-ж адны, і ніхто нас не бачыць і не чуе. Няўжо вы думаеце запалохаць мяне гэтай прытворнай добрадзейнасцю?
— Няўжо вы думаеце запалохаць мяне, — з запалам запярэчыла яна, — і прымусіць адмовіцца ад усякай вызначанай мною мэты