аб тым, якім бяздушным быў для мяне гэты свет і якой бяздушнай частачкай яго была я сама. Вы гэта ведаеце і ведаеце таксама, што мой поспех у грамадзе не мае для мяне ніякай цаны.
— Так. Мне так здавалася, — сказаў ён.
— І вы на гэта разлічвалі, — падхапіла яна, — і, значыцца, праследвалі мяне. Я дапусціла, каб мяне прадалі таксама ганебна, як прадаюць на нявольніцкім рынку жанчыну з пятлёю на шыі. Вы гэта ведаеце!
— Так, — сказаў, ён, ашчэрыўшы зубы. — Я гэта ведаю.
— І на гэта разлічвалі, — паўтарыла яна, — і, значыцца, праследвалі мяне. Пасля вяселля я пераканалася, што не абаронена ад ганьбы, ад дамаганняў і праследвання нейкага агіднага нягодніка, і я адчула, што да гэтага часу я яшчэ не ведала, што азначае зневажэнне. Гэтай ганьбай надарыў мяне мой муж. Не ведаю, супроць каго я загарэлася большым гневам — супроць пана ці супроць слугі!
Ён пільна пазіраў на яе.
— Што магла-б я сказаць вам аб гонары або нявіннасці? — прадаўжала яна. — Якое-б гэта мела значэнне для вас, якое гэта мела-б значэнне для мяне? Але калі я скажу вам, што ад агіды кроў стыне ў маіх жылах, калі вы дакранаецеся да маёй рукі, калі я скажу, што з той хвіліны, калі я першы раз вас убачыла і зненавідзела, вы былі для мяне самай паганай істотай, якая не мае сабе падобнай на зямлі, што тады?
Ён адказаў, ціха засмяяўшыся:
— Так, што тады, мая каралева?
— Што было ў той вечар, калі вы, набраўшыся адвагі пасля сцэны, што была разыграна на вашых вачах, асмеліліся прысці да мяне ў пакой і загаварыць са мною? — запыталася яна.
Ён паціснуў плячыма і зноў засмяяўся.
— Што было ў той вечар? — паўтарыла яна.
— У вас такая добрая памяць, — адказаў ён, — што вы, вядома, можаце гэта ўспомніць.
— Так, магу! — сказала яна. — Слухайце! Загаварыўшы тады аб уцёках, — не аб гэтых уцёках, але аб тых, якімі яны вам уяўляліся, — вы мне сказалі, што я сябе загубіла; я, паводле вашых слоў, сябе загубіла, бо дапусціла гэта спатканне, даўшы вам магчымасць быць злоўленым, калі вы знойдзеце гэта патрэбным, і шчыра вам прызналася, што да мужа я не адчуваю нічога, апрача агіды. Вы маглі мяне ачарніць, і мая рэпутацыя добрадзейнай жанчыны залежала ад вас.
— У каханні ўсе сродкі… — перапыніў ён усміхаючыся. — Старая прыказка…
— У той самы вечар, — прадаўжала Эдзіт, — я ацуралася ад ўсяго, апрача гневу і нянавісці. Я нанесла ўдар, які разбіў нашчэнт вашага ганарлівага пана, а вас прымусіў стаяць вось тут,