Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/523

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Члены нашай сям'і зрабілі яму зло, — сказаў Джон Каркер. — У яго ёсць падставы ўздрыгвацца пры напамінанні нашага імя і думаць, што ў нас ёсць штосьці пагібельнае для яго. Я і сам мог-бы так падумаць, Херыет, калі-б не было на свеце вас.

— Брат, не трэба так гаварыць.

Ён закрыў твар абодвума рукамі, але, калі яна падышла да яго, дазволіў ёй узяць яго руку ў сваю.

— Ведаю, што пасля столькіх гадоў цяжка быць зволеным, — сказала яго сястра, — а прычына гэтага звальнення жахлівая для нас абодвух. Аднак, мы павінны жыць і шукаць сродкі для існавання. Ну, што-ж! Мы можам гэта рабіць, не трацячы мужнасці.

Усмешка з'явілася ў яе на губах, калі яна пацалавала яго ў шчаку і прасіла не сумаваць.

— Ах, дарагая сястра! Вы, па добрай волі і па сваёй велікадушнасці, звязалі сябе з загінуўшым чалавекам! Са зганьбаваным чалавекам! З чалавекам, у якога няма ніводнага сябра і які разагнаў і ўсіх вашых сяброў!

— Джон! — яна хутка заціснула яму рот рукою. — Не кажыце так дзеля мяне! Дзеля нашага шматгадовага сяброўства. — Ён змоўкнуў. — Цяпер вось што я вам раскажу, дарагі мой. — Яна ціхенька падсела да яго. — Я таксама, як і вы, чакала гэтага; і, калі я думала аб гэтым і чакала са страхам і старалася як было сілы падрыхтавацца, я вырашыла сказаць вам, калі ўжо гэтаму суджана здарыцца, што я захоўвала ад вас таямніцу і што ў нас ёсць сябра.

— Як-жа завуць нашага сябра, Херыет? — запытаўся ён са смутнай усмешкай.

— Дапраўды, не ведаю; але аднойчы ён з запалам заявіў мне аб сваіх сяброўскіх пачуццях і аб сваім жаданні быць нам карысным; а я і па гэты дзень яму веру.

— Херыет! — Са здзіўленнем усклікнуў брат. — Дзе жыве гэты сябра?

— Гэтага я таксама не ведаю, — сказала яна. — Але ён ведае нас абодвух і нашу гісторыю — усю нашу гісторыю, Джон. Вось, таму я, слухаючыся яго парады, захавала ад вас яго наведванне, баючыся, каб вы не засмуціліся, даведаўшыся, што гэта гісторыя яму вядома.

— Наведванне? Няўжо ён быў тут, Херыет?

— Тут, у гэтым пакоі. Адзін раз.

— Што гэта за чалавек?

— Не малады. Ён пачаў ужо сівець і, як ён сам казаў, хутка зробіцца зусім сівым. Але велікадушны, шчыры і добры. У гэтым я ўпэўнена!

— І вы толькі адзін раз яго бачылі, Херыет?

519