— Бачыце, міс, — сказаў містэр Перч, спачатку павяряуўшыся, каб асцярожна прычыніць дзверы, — надта ўжо яна блізка да сэрца прымае падзеі, што здарыліся ў нашай фірме. Нервы ў яе, ведаеце, надта адчувальныя і надта лёгка расстройваюцца. Так, між іншым, тут і самыя моцныя нервы не вытрымаюць. Вы, зразумела, і самі надта расстроены.
Херыет стрымала ўздых і паглядзела на брата.
Містэр Перч пачакаў, ці не пачуе ён шчырага адказу, але, не атрымаўшы яго, кашлянуў, прыкрываючы рукою рот. З прычыны таго, што гэта ні да чаго не прывяло, ён кашлянуў, прыкрываючы рот капелюшом, а калі і гэта ні да чаго не прывяло, ён паклаў капялюш на падлогу і дастаў з бакавой кішэні пісьмо.
— Калі памяць мяне не падводзіць, адказу не патрэбна, — з ветлівай усмешкай сказаў містэр Перч, — але, магчыма, вы будзеце ласкавы і прагледзіце гэта пісьмо, сэр.
Джон Каркер зламаў пячаць — пячаць містэра Домбі — і, азнаёміўшыся са зместам запіскі, вельмі кароткай, адказаў:
— Адказу не патрэбна.
— У такім выпадку я пажадаю вам добрай раніцы, міс, — сказаў Перч, адступіўшыся да дзвярэй, — і адважуся выказаць надзею, што вы пастараецеся не надта падаць духам з-за гэтага сумнага здарэння.
Містэр Перч выцягнуў з кішэні цёплыя пальчаткі, падняў капялюш і развітаўся.
— Любы Джон, — запыталася Херыет, калі яны асталіся ўдваіх і з хвілінку памаўчалі, — гэта пісьмо прынесла благія весткі?
— Так. Але нічога нечаканага, — адказаў ён. — Учора я бачыў таго, хто напісаў гэта пісьмо.
— Таго, хто напісаў?
— Містэра Домбі. Ён два разы прайшоў праз кантору, калі я быў там. Да гэтага часу мне ўдавалася не трапляцца яму на вочы, але я не мог спадзявацца, што так будзе і надалей. Зусім зразумела, мая прысутнасць павінна здавацца яму непрыемнай. Думаю, тое самае адчуваў-бы і я.
— Няўжо ён гэта сказаў?
— Не. Ён нічога не сказаў, але я бачыў, як яго вочы на секунду спыніліся на мне, і падрыхтаваўся да таго, што павінна было здарыцца, — да таго, што здарылася.
Як было сілы яна старалася захаваць свой перапалох і здавацца бадзёрай, але гэта была сумная навіна.
— У пісьмо ўкладзены грошы. Іх больш, чым належыць пры звальненні, а вось і мая адстаўка. Дапраўды-ж, Херыет, калі мы ўспомнім мінулае, гэта ласкавая і далікатная мера.
— Калі ёсць ласка і далікатнасць, Джон, у тым, каб накладаць на вас якую-б там ні было кару за злачынства іншага, то я з вамі згодна, — смірна адазвалася яна.