Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/524

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— У гэтым пакоі толькі адзін раз, — адказала сястра, на шчоках якой загарэўся лёгкі румянец, які ўмомант знік, — але, зайшоўшы сюды, ён упрашаў, каб я дазволіла яму бачыць мяне раз у тыдзень, калі ён праходзіць міма нашага дома, у доказ таго, што ў нас усё шчасліва і нам па-ранейшаму не патрэбна яго дапамога. Бачыце, я сказала яму, калі ён прапанаваў нам свае паслугі — а гэта і было мэтай яго наведвання, — што нам нічога не патрэбна.

— Дык, значыцца, раз ў тыдзень…

— З таго часу раз у тыдзень, і заўсёды ў той самы дзень і ў тую самую гадзіну, ён праходзіў міма дома, заўсёды пехатою, заўсёды ў напрамку да Лондана і заўсёды прыпыняючыся толькі для таго, каб пакланіцца мне і весела памахаць рукою, нібы добры апякун. У мінулы панядзелак — першы панядзелак пасля гэтага жахлівага здарэння — ён не прайшоў міма нашага дома, і я ў здзіўленні думала аб тым, ці знаходзіцца яго адсутнасць у якой-небудзь сувязі з тым, што здарылася.

— Якая-ж можа быць сувязь? — запытаўся брат.

— Не ведаю. Я проста задумалася аб супадзенні і не спрабавала яго растлумачыць. Я упэўнена, што ён вернецца. А калі ён вернецца, любы Джон, дазвольце мне сказаць яму, што я, нарэшце, пагаварыла з вамі, і дазвольце пазнаёміць вас з ім. Ён, вядома, дапаможа нам знайсці сродкі для існавання. Ён упрашаў аб тым, каб я дазволіла яму як-небудзь палегчыць маё і ваша жыццё, і я яму абяцала, што ў часе нястачы я аб ім успомню. А тады яго імя не будзе для нас таямніцай.

— Херыет, — сказаў брат, які слухаў з надзвычайнай увагай, — які гэты джэнтльмен з выгляду? Я, бясспрэчна, павінен ведаць таго, хто так добра ведае мяне.

Яго сястра пастаралася як мага ярчэй апісаць рысы твара, фігуру і касцюм свайго госця, але Джон Каркер або не ведаў гэтага чалавека, або малюнак яе быў недакладным, ці можа ён, ходзячы ўзад і ўперад па пакоі, захапіўся сваімі ўласнымі думкамі, — як бы там ні было, але ён не пазнаў напісанага ёю партрэта.

Быў позні ўжо час, і брат чытаў уголас, а сястра займалася швівам, калі хтосьці пастукаў у дзверы. Брат падышоў да дзвярэй, сястра сядзела і нясмела прыслухоўвалася. Хтосьці загаварыў з ім, а ён адказаў і як быццам здзівіўся; абмяняўшыся некалькімі словамі, яны ўдвух увайшлі ў пакой.

— Херыет, — сказаў брат, уводзячы позняга госця і гаворачы паціху, гэта містэр Морфін, джэнтльмен, які ўвесь час служыў з Джеймзам у фірме Домбі.

Яго сястра адхіснулася, нібы ўбачыла здань. У дзвярах стаяў невядомы сябра з цёмнымі валасамі, кранёнымі сівізной, з румяным тварам, з шырокім чыстым ілбом і карымі вачыма, — чалавек, чыю таямніцу яна так доўга захоўвала.

520