У канторы клеркі абмяркоўваюць вялікую катастрофу з усіх бакоў і з усіх пунктаў гледжання, але галоўным чынам не разумеюць, хто-ж будзе прызначаны на месца містэра Каркера; тыя, у каго няма ніякай надзеі на атрыманне гэтага месца, сцвярджаюць, што зусім не хацелі-б яго заняць і зусім не зайздросцяць таму, для каго яно будзе прызначана. Такога хвалявання ў канторы не было з таго часу, як памёр маленькі сын містэра Домбі; але такога сорту ўзбуджэнне развівае кампанейскасць, каб не сказаць — жыццерадаснасць, і дапамагае ўмацаванню сяброўскіх адносін.
Тым часам слугі містэра Домбі ператвараюцца ў бяздзейнікаў і робяцца мала прыгоднымі для службы. Кожны вечар яны атрымліваюць гарачую вячэру і «абмяркоўваюць здарэнне» за шклянкамі, з якіх ідзе пара. Пасля паловы адзінаццатай Таулінсон заўсёды бывае пад хмяльком і часта просіць адказаць на пытанне: ну, ці не казаў ён, што няма чаго чакаць дабра, калі жывеш у доме на рагу? Яны шэптам талкуюць аб міс Фларэнс і здзіўляюцца, дзе яна можа быць; аднак, усе згодны з тым, што калі містэр Домбі гэтага не ведае, то місіс Домбі ведае. Такім чынам, гутарка заходзіць аб гэтай апошняй, і кухарка гаворыць аб ёй, што ўсё-такі яна трымалася з гонарам, хіба не праўда? Але яна была занадта важнай. Усе згаджаюцца з тым, што яна была занадта важнай, а прадмет некалішняй цягі містэра Таулінсона, пакаёўка (якая надта добрадзейная), упрашае, каб пры ёй не гаварылі больш пра людзей, якія задзіраюць нос, як быццам зямля для іх не вельмі добрая.
Усё, што гаворыцца і робіцца ў сувязі з гэтым, робіцца дружна ўсімі за выключэннем містэра Домбі. Містэр Домбі адзін-на-адзін са свецкім грамадствам.
РАЗДЗЕЛ LII
Сакрэтныя весткі.
Добрая місіс Браун і яе дачка Эліс моўчкі сядзелі ў сваім пакоі. Было гэта позняй вясной, надыходзіў вечар. Усяго некалькі дзён прайшло з таго часу, як містэр Домбі сказаў маёру Бегстоку пра дзіўныя весткі, дзіўным шляхам атрыманыя, якія маглі быць фальшывымі і маглі быць правільнымі, і свецкае грамадства яшчэ не атрымала задавальнення.
Маці і дачка доўга сядзелі, не гаворачы ні слова, амаль не варушачыся. У старой твар хітры, заклапочаны і насцярожаны, у дачкі — таксама насцярожаны, але ў меньшай ступені, і іншы раз яго засмучала пачуццё расчаравання і недавер'я.
Іх пакой, бедны і нікчэмны, быў усё-такі не такім брыдкім, як у тыя часы, калі місіс Браун жыла тут адна. Былі зроблены