Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/510

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

спробы падтрымаць чыстату і парадак, хоць неяк неахайна па- цыганску, так што іх з першага погляду можна было прыпісаць маладой жанчыне. Вячэрнія цені згушчаліся і цямнелі, пакуль гэтыя жанчыны захоўвалі маўклівасць, і, нарэшце, змрок амаль ахутаў пачарнелыя сцены.

Тады Эліс парушыла доўгае маўчанне:

— Можаце не чакаць яго, матуля. Ён не прыдзе сюды.

— Чаму-ж не так! — нецярпліва запярэчыла старая. — Ён прыдзе сюды!

— Пабачым, — сказала Эліс.

— Пабачым яго, — запярэчыла маці.

— У дзень страшнага суда, — сказала дачка.

— Ведаю, вы думаеце, што я здзяцінела! — закаркала старая. — Вось якую пашану і павагу аказвае мне родная дачка, але я разумнейшая, чым вы мяне лічыце. Ён прыдзе! У той дзень, калі я дакранулася на вуліцы да яго паліта, ён азірнуўся і паглядзеў на мяне, нібы на нейкую жабу, але, божа ты мой, калі-б бачылі яго твар, калі я назвала іх імёны і запыталася, ці хоча ён ведаць дзе яны знаходзяцца!

— Ён быў надта злосны? — запыталася дачка, адразу зацікавіўшыся.

— Злосны! Лепш-бы вы сказалі раз'юшаны! Гэта слова больш падыходзіць. Злосны! Ха-ха-ха! Назваць такі твар злосным! — усклікнула старая, пачыкільгаўшы да буфета і запальваючы свечку, якую яна паставіла на стол, пасля чаго яе рот быў асветлен ва усёй яго агіднасці. — Гэтак я і ваш твар магу назваць проста злосным, калі вы думаеце ці гаворыце аб іх.

На самай справе, не такі быў твар у дачкі, калі яна сядзела, як тыгрыца, з загарэўшыміся вачыма.

— Ціха! — урачыста сказала старая. — Я чую крокі. Гэта не такая хада, як у тутэйшых жыхароў, або частых наведвальнікаў. Мы так не ходзім. Мы-б ганарыліся такімі суседзямі! Чуеце вы яго?

— Мне здаецца, ваша праўда, матуля, — ціха адказала Эліс. — Маўчыце! Адчыніце дзверы.

Пакуль яна накідвала шаль і захутвалася ў яго, старая выканала яе загад і, выглянуўшы за дзверы, паклікала і ўпусціла містэра Домбі, які спыніўся, ледзь паспеўшы пераступіць цераз парог, і недаверліва азірнуўся навокал.

— Хто гэта? — запытаўся містэр Домбі, зірнуўшы на яе сажыцельку.

— Гэта мая красуня-дачка, — сказала старая. — Няхай ваша міласць не звяртае на яе ўвагі. Ёй усё вядома.

Цень засмуціў яго твар, і гэта было не менш выразна, чым калі-б ён моцна прастагнаў: «Каму гэта не вядома!», але ён пільна паглядзеў на жанчыну і тая, зусім не маючы намеру яго вітаць, паглядзела на яго.

506