Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/508

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

аднавіць знаёмства з місіс Піпчын і атрымаць весткі аб настроі містэра Домбі.

— Як ён церпіць гэта, дарагая мая? — пытаецца міс Токс.

— Ну, што-ж, — рэзка адказвае місіс Піпчын, — ён такі самы, як заўсёды.

— Са знешняга выгляду, — выказвае меркаванне міс Токс. — А што ў яго на душы!

— Па праўдзе сказаць, Лукрэцыя, — кажа місіс Піпчын (яна ўсё яшчэ называе міс Токс Лукрэцыяй, бо першыя свае эксперыменты па ўціхамірванню дзяцей утварала на гэтай лэдзі, калі тая была няшчасным маленькім заморкам), — па праўдзе сказаць, Лукрэцыя, я лічу, што не дрэнна было-б ад яе пазбавіцца. Мне тут такія бессаромныя асобы не патрэбны!

— Вось іменна бессаромныя! Праўда, што бессаромныя, місіс Піпчын! — адказвае міс Токс. — Пакінуць яго! Такога благароднага чалавека!

Тут хваляванне апаноўвае міс Токс.

— Што датычыцца благародства, то аб гэтым я нічога не ведаю, — пярэчыць місіс Піпчын, раздражнёна паціраючы нос. — Але вось што мне вядома: калі людзям наслана гора, яны павінны яго цярпець. Ўсё глупства! у свой час мне самой давялося вытрымаць нямала! Колькі шуму з-за глупства! Яна пайшла, туды ёй і дарога. Думаю, што тут яна нікому не патрэбна.

Намёк на Перуанскія капальні прымушае міс Токс устаць і пайсці; місіс Піпчын звоніць, каб Таулінсон правёў яе. Містэр Таулінсон, які даўно не бачыў міс Токс, усміхаецца, выказвае ўпэўненасць у яе добрым здароўі і дадае, што спачатку не пазнаў яе ў гэтым капялюшыку.

— Дзякую вам, Таулінсон, я адчуваю сябе нядрэнна, — кажа міс Токс. — Я папрашу вас аб адной ласцы: калі ўбачыце мяне тут яшчэ раз, не ўспамінайце аб гэтым. Я наведваю толькі місіс Піпчын.

— Вельмі добра, міс, — кажа Таулінсон.

— Адбываюцца жахлівыя падзеі, Таулінсон, — кажа міс Токс.

— Так, у вышэйшай ступені, міс, — згаджаецца Таулінсон.

— Спадзяюся, Таулінсон, — кажа міс Токс, якая, заняўшыся навучаннем сям'і Тудляў, прывыкла разважаць навучальным тонам і браць мараль з падзей, — спадзяюся, гэты выпадак будзе вам перасцярогай, Таулінсон.

— Дзякую вам, міс, — кажа Таулінсон.

Але міс Токс не мае дачынення да таго свецкага грамадства, да якога належыць містэр Домбі. Кожны дзень яна прыходзіць на смярканні, у дажджлівую пагоду, дадаючы да свайго капялюшыка патэны і парасон, і мірыцца з усмешкамі Таулінсона і фырканнем і вымаўленнямі місіс Піпчын толькі для таго, каб даведацца, як ён маецца і як трывае няшчасце, якое на яго звалілася; але яна не мае ніякага дачынення да таго свецкага грамадства, да якога належыць містэр Домбі.

504