чым яе муж. Веру, што мой сябра Домбі аддасць належнае тым пачуццям, якія мяне натхняюць пры такіх сумных акалічнасцях, і… ды… мне здаецца, няма чаго турбаваць майго сябра Домбі далейшымі заўвагамі.
Містэр Домбі, не падымаючы вачэй, кланяецца і маўчыць.
— Такім чынам, Домбі, — кажа маёр, — пасля таго, як наш сябра Фінікс з надзвычайным красамоўствам, падобнага якому стары Дж. Б. ніколі не чуў, так, клянуся богам, сэр, ніколі! — маёр надта пасінеў і схапіў свой кій пасярэдзіне, — пасля таго, як наш сябра Фінікс выклаў усе акалічнасці, што датычацца гэтай лэдзі, я скарыстаю наша сяброўства, Домбі, каб высветліць пытанне з другога боку. Сэр, — кажа маёр з конскім пакашліваннем, — свет у такіх выпадках прад'яўляе свае патрабаванні, якія павінны быць задаволены.
— Мне гэта вядома, — заўважае містэр Домбі.
— Зразумела, вам гэта вядома, Домбі, — кажа маёр. — Такі чалавек, як вы, не можа гэтага не ведаць!
— Думаю, што так, — адказвае містэр Домбі.
— Домбі, — кажа маёр, — астатняе вы адгадаеце самі. Я выказаўся шчыра — магчыма, дачасна, — бо Бегстокі заўсёды выказваліся шчыра. Мала ім было ад гэтага карысці, сэр, але гэта ўжо ў крыві Бегстокаў. З гэтым чалавекам патрэбна страляцца. У вас пад рукою Дж. Б. Ён дамагаецца правоў сяброўства.
— Маёр, — адказвае містэр Домбі, — я вам дзякую. У адпаведны час я аддам сябе ў ваша распараджэнне. З тае прычыны, што гэты час яшчэ не прышоў, я ўстрымліваюся гаварыць аб гэтым з вамі.
— Дзе гэты чалавек, Домбі? — пытаецца маёр, пасля таго, як на працягу некаторага часу моўчкі пыхцеў і пазіраў на яго.
— Не ведаю.
— Ёсць якія-небудзь весткі аб ім? — пытаецца маёр.
— Так.
— Домбі, я рад гэта чуць, — кажа маёр. — Віншую, вас.
— Вы прабачце, маёр, — адказвае містэр Домбі, — калі ў сучасны момант я не буду закранаць дэталей. Весткі дзіўныя і атрыманыя дзіўным шляхам. Яны могуць быць нічога няварты, але могуць быць і правільнымі. Цяпер я нічога не магу сказаць. На гэтым дазвольце скончыць.
Хоць гэта і сухі адказ, калі прыняць пад увагу энтузіязм сіняга маёра, аднак, маёр прыязна карыстаецца ім і з зачараваннем думае аб тым, што свет можа спадзявацца на атрыманне належнага.
Але хто-ж гэта сядзіць у пакоі эканомкі, падняўшы рукі да неба, праліваючы слёзы і размаўляючы паціху з місіс Піпчын? Гэта нейкая лэдзі ў надта цесным чорным капялюшыку, які, відаць, ёй не належыць. Гэта міс Токс, якая ўзяла капялюшык у сваёй служанкі і прышла цішком з пляца Прынцэсы, каб