дала аб ёй вельмі добры водгук і сказала, што яна даўным-даўно паехала.
— У такім выпадку, — сказаў Уолтэр, — запытайцеся міс Домбі, куда яна паехала, а мы пастараемся яе знайсці. Час ідзе, і міс Домбі хутка прачнецца. Вы — яе лепшы сябра. Паклапаціцеся аб ёй там, наверсе, а мне дайце магчымасць навесці парадак унізе.
Капітан, якога агарнуў смутак, адказаў уздыхам на ўздых, з якім Уолтэр праказаў гэтыя словы і паслухаўся. Фларэнс была ў захапленні ад свайго новага пакою, гарэла жаданнем убачыць Уолтэра і рада была сустрэцца са сваім старым сябрам С'юзен. Але Фларэнс не магла сказаць, куды паехала С'юзен, ведала толькі што ў Эсекс, і наколькі яна магла прыпомніць, ніхто не мог-бы гэтага сказаць, апрача містэра Тутса.
Атрымаўшы гэтыя весткі, капітан, які засумаваў, вярнуўся да Уолтэра і сказаў яму, што містэр Тутс, — той самы джэнтльмен, якога ён сустрэў ля дзвярэй, — сябра яго, капітана Катля, багаты малады джэнтльмен безнадзейна закаханы ў міс Домбі. Капітан таксама расказаў аб тым, як прывяла яго да знаёмства з містэрам Тутсам вестка аб уяўнай пагібелі Уолтэра і як паміж імі была заключана ўрачыстая ўмова, што ўскладала абавязак на містэра Тутса не заікацца аб прадмеце свайго кахання.
Пасля ўзнікла пытанне, ці можа Фларэнс давяраць містэру Тутсу, а калі Фларэнс з усмешкай адказала: «О, так, усім сэрцам!», выявілася неабходнасць даведацца, дзе жыве містэр Тутс. Гэтага Фларэнс не ведала, а капітан забыўся; і, у той час як у маленькай гасцінай капітан гаварыў Уолтэру аб тым, што містэр Тутс бясспрэчна, неўзабаве будзе тут, у пакой увайшоў сам містэр Тутс.
— Капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс, без усякай цырамоніі ўбягаючы ў гасціную, — я знаходжуся на мяжы вар'яцтва!
Містэр Тутс выпаліў гэтыя словы нібы з гарматы, перш чым заўважыў Уолтэра, якога віншаваў нейкім жаласлівым хіхіканнем.
— Вы мне прабачце, сэр, — сказаў містэр Тутс, схапіўшыся за галаву, — але ў сучасны момант я знаходжуся ў такім становішчы, што розум мяне пакідае, калі ўжо не пакінуў, і ўсякая спроба быць пачцівым, прымаючы пад увагу маё становішча, была-б пустым прытворствам. Капітан Джылс, адважуся прасіць дазволу пагутарыць з вамі сам-на-сам!
— Прыяцель, — адказаў капітан, беручы яго за руку, — якраз вас мы і чакалі.
— О, капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс, — чакаць такога суб'екта, як я! Я не адважыўся пабрыцца — вось у якім я ўзрушаным стане! Валасы ў мяне ўскудлачаныя. Я сказаў Пеўню, што калі ён захоча вычысціць мне чаравікі…