Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/497

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Паслухайце, браток, — сказаў капітан, — вось гэта Уольр, пляменнік старога Соля Джылса. Той самы, якога мы лічылі загінуўшым у моры.

Містэр Тутс адняў рукі ад галавы, і, выпучыўшы вочы, паглядзеў на Уолтэра.

— Божа злітуйся! — прамармытаў містэр Тутс. — Вось не было бяды! Я… я… баюся, што вы вельмі прамоклі. Капітан Джылс, дазвольце мне вам сказаць слоўца ў краме?

Ён схапіў капітана ва фальбону фрака і, выходзячы разам з ім, прашаптаў:

— Так, значыцца, капітан Джылс, гэта і ёсць той самы чалавек, пра якога вы казалі, што ён і міс Домбі створаны адно для аднаго?

— Так, прыяцель, — сказаў бязрадасны капітан, — так думаў я калісьці.

— І цяпер! Якраз у такі момант! — закрычаў містэр Тутс, зноў хапаючыся за галаву. — Ненавісны супернік! Прынамсі, ён не з'яўляецца для меня ненавісным супернікам, — запнуўшыся і падумаўшы, сказаў містэр Тутс, аднімаючы руку ад ілба. — За што мне яго ненавідзець? Не! Калі каханне маё сапраўды бескарыслівае, капітан Джылс, дазвольце мне давесці гэта цяпер!

Містэр Тутс зноў рынуўся ў гасціную і сказаў, схапіўшы Уолтэра за руку:

— Як маецеся? Спадзяюся, вы не прастудзіліся. Я… я… буду вельмі рад, калі вы захочаце са мной пазнаёміцца. Жадаю, каб вы пражылі яшчэ шмат такіх самых шчаслівых дзён. Клянуся, — сказаў містэр Тутс, разгарачыўшыся пасля таго, як больш пільна ўгледзеўся ў твар Уолтэра, — я надта рад вас бачыць!

— Ад усёй душы дзякую вам, — сказаў Уолтэр. — Я і пажадаць не мог-бы больш сардэчнага і шчырага прывітання.

— Капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс, — я хацеў-бы строга прытрымлівацца правіл гонару, але, спадзяюся, мне будзе дазволена ўспомніць цяпер аб адным прадмеце, які…

— Так, так, прыяцель, — адазваўся капітан. — Смялей, смялей!

— Дык вось, капітан Джылс і лейтэнант Уолтэрс, — загаварыў містэр Тутс, — ці вядома вам, што застрашальны выпадак здарыўся ў доме містэра Домбі, што міс Домбі пакінула свайго бацьку, які, на маю думку, — з вялікім узрушэннем дадаў містэр Тутс, — з'яўляецца сапраўды зверам, і невядома, дзе яна знаходзіцца, і ніхто не ведае, куда яна пайшла?

— Дазвольце запытацца, адкуль гэта вам вядома? — запытаўся Уолтэр.

— Лейтэнант Уолтэрс, — сказаў містэр Тутс, які ўжыў такі зварот у звязку з асаблівай прычыны, зразумелай яму аднаму (магчыма таму, што ён звязаў яго імя з марской прафесіяй і мысліў сабе нейкую блізкую сувязь паміж ім і капітанам, якая павінна была, зразумела, распаўсюджвацца і на іх чыны), — лейтэнант Уолтэрс, я магу адказаць вам проста. Я вельмі заці-

493