— Ура, мой хлопчык! — усклікнуў капітан у парыве нястрымнага захаплення. — Ура! Ура! Ура!
— Падумаць толькі, што яна, такая юная, такая добрая і цудоўная, — прадаўжаў Уолтэр, — якой прызначан быў іншы лёс, павінна ўступіць у барацьбу з гэтым жорсткім светам! Але мы бачылі тое бяздонне, якое адрэзала яе ад усяго мінулага, хоць ніхто, апрача яе самой, не ведаў глыбіні гэтага бяздоння. І звароту няма.
Капітан Катль, не зусім разумеючы сэнс гэтых слоў, паставіўся да іх з вялікім ухваленнем і заўважыў глыбока спачувальным тонам, што вецер дзьме спадарожны.
— Ёй не варта аставацца тут адной, праўда, капітан Катль? — з хваляваннем запытаўся Уолтэр.
— Дапраўды, мой хлопчык, я гэтага не ведаю, — адказаў капітан. — Вы цяпер тут і можаце быць ёй кампаніяй, і калі вас злучае…
— Дарагі капітан Катль! — запярэчыў Уолтэр. — Вы кажаце я цяпер тут! Міс Домбі па шчырасці сваёй і нявіннасці глядзіць на мяне як на брата; якое было-б маё каварства, калі-б я прыкінуўся, быццам веру ў свае правы на сваяцкія дачыненні… калі-б я прыкінуўся, быццам забыўся аб тым, што абавязак гонару забараняе мне гэта рабіць!
— Уольр, мой хлопчык, — сказаў капітан, зноў выяўляючы некаторыя прызнакі збянтэжанасці, — хіба не можа быць ніякіх правоў, апрача…
— О, — усклікнуў Уолтэр. — Няўжо вы хацелі-б, каб яна кінула мяне паважаць — такая, як яна! — і паміж мною і яе анёлскім тварам назаўсёды спусцілася завеса, калі-б я пачаў дамагацца яе кахання, карыстаючыся тым, што яна, такая даверлівая і такая безабаронлівая, знайшла тут прытулак? Ды што гэта я кажу! Няма-ж на свеце нікога, хто-б асудзіў мяне з большай суровасцю, чым вы, калі-б я мог гэта зрабіць!
— Уольр, мой хлопчык, — сказаў капітан, усё больш і больш засмучаючыся, — дык, значыцца, не можа быць ніякіх іншых правоў? Няўжо іх няма, мой хлопчык?
Уолтэр махнуў рукой, даючы адмоўны адказ.
— Мне здаецца, капітан Катль, — прадаўжаў ён, пераходзячы да новай тэмы размовы з большай бадзёрасцю, каб развесяліць капітана, але яго нішто не магло развесяліць, бо ён быў надта заклапочаны, — мне здаецца, мы павінны знайсці якую-небудзь асобу, якая была-б падыходзячай кампаньёнкай для міс Домбі, пакуль яна жыве тут і якой можна было-б давяраць. Ніхто з яе сваякоў для гэтага не падыходзіць. Міс Домбі, вядома, разумее, што ўсе яны поўзаюць перад яе бацькам. А дзе С'юзен?
— Маладая жанчына? — адазваўся капітан. — Мне здаецца, яе зволілі супроць жадання Радасці Сэрца. Я аб ёй сігналізаваў, калі маленькая лэдзі толькі прышла сюды, і маленькая лэдзі