— Так, так, мой хлопчык, — згодліва сказаў капітан.
— І вы не маглі правароніць пісьмо. Праўда?
— Уольр, — сказаў капітан, дарэмна стараючыся прыняць злосны выгляд, — хіба я не быў напагатове, чакаючы вестак ад чалавека навукі, старога Соля Джылса, вашага дзядзі, хіба я не быў напагатове, днём і ўночы, з таго часу, як яго страціў? Хіба не было ў мяне цяжка на сэрцы і хіба я не чакаў увесь час яго і вас? У сне і ўяўна хіба не стаяў я на сваім пасту і хіба зняславіўся-б да таго, каб яго пакінуць, пакуль гэты Мічман яшчэ цэлы і непашкоджаны?
— О, так, капітан Катль! — усклікнуў Уолтэр, схапіўшы яго за руку. — Ведаю! І ведаю таксама, колькі адданасці і шчырасці ва ўсім, што вы гаворыце і адчуваеце. Я ў гэтым упэўнены. А вы не сумняваецеся ў маёй упэўненасці, таксама як і ў тым, што я пераступіў цераз парог гэтых дзвярэй і зноў трымаю ў сваёй руцэ гэту сумленную руку. Вы-ж не сумняваецеся?
— Не, не, Уольр, — адказаў капітан з прасвятлеўшай фізіяноміяй.
— Больш я не рызыкую рабіць ніякіх меркаванняў, — сказаў Уолтэр, моцна паціскаючы жорсткую руку капітана, які ў сваю чаргу з няменшай ахвотай паціснуў яму руку. — Дадам толькі адно, капітан Катль: даруй божа, каб я дакрануўся да маемасці ў майго дзядзі! Усё, што ён тут пакінуў, знаходзіцца пад апекай самага сумленнага з усіх кіраўнікоў і лепшага з усіх людзей, і калі гэтага чалавека завуць не Катль, то значыцца няма ў яго імя! А цяпер, лепшы з сяброў, пагаворым пра… міс Домбі.
Штосьці змянілася ў манеры Уолтэра, перш чым ён прамовіў гэтыя два словы, а калі ён іх сказаў, даверлівасць і бадзёрасць як быццам пакінулі яго.
— Я думаў, перш чым міс Домбі спыніла мяне ўчора вечарам, калі я загаварыў пра яе бацьку… вы памятаеце, як была справа? — пачаў Уолтэр.
Капітан вельмі добра гэта памятаў і кіўнуў галавою.
— Так, перш я думаў, — прадаўжаў Уолтэр, — што на нас ляжыць цяжкі абавязак пераканаць яе, каб яна перагаварыла са сваімі сябрамі і вярнулася дадому.
Капітан слабым голасам прамармытаў: «Стоп!» або «Трымайся мацней!» або яшчэ нешта, што належала ў даным выпадку, але з прычыны вялікай збянтэжанасці, выкліканай падобным паведамленнем, голас у яго быў такі слабы, што можна было толькі здагадвацца.
— Але з гэтым скончана! — сказаў Уолтэр. — Цяпер я думаю інакш. Калі гэта не так, лепш мне зноў апынуцца на тым абломку разбітага судна, на якім я з дня свайго выратавання так часта плаваў у сне па хвалях, астацца на ім, пайсці на дно і памерці!