— Перш за ўсё я павінен сказаць пані, — сказаў містэр Домбі, — што гэты пагражаючы позірк не да твару вам.
Яна засмяялася. Патрывожаныя брыльянты ў яе валасах уздрыгануліся і затрапяталі. Кажуць, нібы некаторыя каштоўныя каменні бляднеюць, калі іх уласніку пагражае небяспека. Каб у яе былі такія каменні, дык праменні святла, якія змяшчаюцца ў іх, павінны былі-б згаснуць у гэты момант, яны пацямнелі-б, як свінец.
Каркер слухаў, не падымаючы вачэй.
— Што датычыцца маёй дачкі, пані, — прадаўжаў містэр Домбі, — яе абавязак у адносінах да мяне вымагае, каб яна ведала, якіх паводзін патрэбна асцерагацца. У сучасны момант вы з'яўляецеся вельмі яркім прыкладам да яе, і, спадзяюся, яна атрымае з гэтага карысць.
— Цяпер я не буду вас спыняць, — спакойна адказала яго жонка. — Я не ўстану і не пайду і не пазбаўлю вас магчымасці выказаць усё, хоць-бы ў пакоі пачаўся пажар.
— Магчыма, натуральна, місіс Домбі, — прадаўжаў ён, — што вам няёмка выслухоўваць такія непрыемныя ісціны ў прысутнасці сведак. Але прызнаюся, я не разумею, — тут ён не мог не кінуць панурага позірку на Фларэнс, — чаму ім можа надаць большую сілу і вастрыню хтосьці іншы, а не я, якога гэта так блізка закранае. Магчыма, натуральна, што вам непрыемна слухаць пры сведках аб закладзенай у вас упартасці, якую раю вам як мага хутчэй зламаць, якую вы павінны зламаць, місіс Домбі, і якую, кажу аб гэтым шкадуючы, я не раз назіраў з сумненнем і нездавальненнем яшчэ да нашага вяселля, калі яна праяўлялася ў адносінах да вашай нябожчыцы маці. Але лякарства ў вашых-жа руках. Пачаўшы гэту размову, я зусім не забываўся аб тым, што мая дачка тут прысутнічае, місіс Домбі. А вас я прашу не забывацца аб тым, што заўтра тут будуць прысутнічаць некалькі чалавек і што вы, памятаючы аб прыстойнасці, павінны іх прыняць належным чынам.
— Значыцца, мала вам таго, што вы памятаеце аб тым, што здарылася паміж вамі і мною, — сказала Эдзіт, — мала вам таго, што вы можаце кінуць позірк сюды, — яна паказала на Каркера, які па-ранейшаму слухаў, не падымаючы вачэй, — і ўспомніць тыя зневажанні, якія вы мне зрабілі. Мала вам таго, што вы можаце кінуць позірк сюды, — яна паказала на Фларэнс рукою, якая першы і апошні раз злёгку задрыжэла, — і падумаць аб тым, што вы зрабілі і якому ўтончанаму катаванню, штодзённаму, штогадзіннаму, вы мяне аддалі, зрабіўшы так. Мала вам таго, што гэты дзень, з усіх дзён у годзе запомніўся мне па той барацьбе — заслужанай, але не зразумелай такому чалавеку, як вы, — якая, на жаль, мяне не забіла. Да ўсяго гэтага вы дадаеце яшчэ апошнюю, завяршаючую подласць, робячы яе сведкай майго падзення, хоць вам вядома, што вы прыму-