Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/467

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сілі мяне афяраваць дзеля яе спакою адзіным цёплым пачуццем і прывязанасцю, якія асталіся ў мяне ў жыцці. Вам вядома, што дзеля яе я і цяпер-бы падначалілася, калі-б магла, — але я не магу, занадта вялікая мая агіда да вас, — падначалілася-б цалкам вашай волі і была-б самым пакорлівым з вашых нявольнікаў!

Не так трэба было служыць велічнасці містэра Домбі. Яе словы абудзілі старое пачуццё, надаўшы яму небывалую сілу і жорсткасць. Зноў, у гэтую суровую гадзіну яго жыцця, яго закінутая дачка высунута на першы план нават гэтай непакорлівай жанчынай, моцная там, дзе ён бяссільны, і з'яўляецца ўсім там, дзе ён — нішто!

Ён павярнуўся да Фларэнс, як быццам усё гэта было сказана ёю, і загадаў ёй выйсці з пакоя. Фларэнс, закрыўшы твар рукамі, паслухалася, калоцячыся і плачучы.

— Місіс Домбі, — сказаў містэр Домбі, зноў набыўшы, наколькі гэта было для яго магчыма, свой ганарлівы спакой, — такімі паводзінамі вы мяне не змякчыце і не прымусіце адмовіцца ад маіх намераў.

— Яны адны толькі і з'яўляюцца шчырымі, хоць толькі ў слабай ступені адлюстроўваюць тое, што робіцца ў мяне на душы, — адказала яна. — Але калі-б я думала, што яны могуць вас змякчыць, я іх-бы змяніла, калі-б толькі чалавеку па сіле было іх змяніць. Я не зраблю таго, аб чым вы мяне просіце.

— Я не прывык прасіць, місіс Домбі, — запярэчыў ён. — Я загадваю.

— Заўтра, а таксама і ў наступныя гадавіны, я не жадаю адыгрываць ніякай ролі ў вашым доме. Я ні перад кім не жадаю выстаўляць сябе напаказ як непакорная нявольніца, купленая вамі ў такі та дзень. Калі я захавала ў памяці дзень майго вяселля, то выключна як дзень ганьбы.

— Каркер, — сказаў містэр Домбі, насупіўшы бровы і хвіліну падумаўшы, — місіс Домбі да такой ступені забываецца цяпер і аб сабе і аба мне і ставіць мяне ў становішча, такое не ўласцівае маёй рэпутацыі, што я павінен гэта спыніць.

— У такім выпадку, — сказала Эдзіт, па-ранейшаму спакойна, — вызваліце мяне ад гэтых сувязей, якімі я звязана. Пусціце мяне!

— Пані! — паўтарыў ён. — Місіс Домбі!

— Развяжыце мяне! Пусціце мяне на волю!

— Пані! — паўтарыў ён. — Місіс Домбі.

— Скажыце яму, — прамовіла Эдзіт, павярнуўшы свой ганарлівы твар да Каркера, — што я хачу ўзяць развод з ім. Што так будзе лепш. Што я яму гэта раю. Скажыце яму, што я прыму любыя яго ўмовы — яго багацце не адыгрывае для мяне ніякай ролі, — але што чым хутчэй, тым лепш.

463