Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ніка, які пра яе не ведаў, так захапілася, што не магла утрымацца, каб не крыкнуць: «Ну, хіба не прыгажун ён, містэр Домбі? Хіба не анёлак, ён, сэр?», пасля чаго ледзь не згарэла ад сораму і збянтэжанасці за дзверцамі шафы.

— Луіза, — сказаў аднойчы містэр Домбі сястры, — дапраўды, мне здаецца, што я павінен зрабіць вашай прыяцельцы які-небудзь маленькі падарунак з прычыны хрысцін Поля. З самага пачатку яна так цёпла клапацілася аб дзіцяці і, як відаць, так добра разумее сваё становішча (добрадзейнасць, на жаль, вельмі рэдкая на гэтым свеце), што, дапраўды-ж, мне было-б прыемна выказаць ёй падзяку.

— Любы мой Поль, — сказала яго сястра, — вы толькі аддаеце належнае міс Токс; я ведала, што іменна так зробіць чалавек, які ўладае вашай пранікальнасцю. Мне здаецца, калі ёсць у нашай мове тры словы, да якіх яна ставіцца з павагай, што мяжуе з пачцівасцю, дык словы гэтыя — Домбі і Сын.

— Правільна, — сказаў містэр Домбі, — я гэтаму веру. Гэта робіць гонар міс Токс.

— Што-ж датычыць якога-небудзь падарунка, любы мой Поль, — прадаўжала сястра, — я магу сказаць адно: усё, што-б вы не падарылі міс Токс, яна — у гэтым я ўпэўнена — будзе берагчы і цаніць. Але ёсць больш прывабны і прыемны спосаб, любы мой Поль, выказаць вашу ўдзячнасць міс Токс, калі вы да гэтага схільны.

— Якім чынам? — запытаўся містэр Домбі.

— Вядома, выбар хроснага бацькі, — прадаўжала місіс Чык, — мае значэнне з пункту гледжання сувязей і ўплыву.

— Не ведаю, якое яны могуць мець значэнне для майго сына, — холадна сказаў містэр Домбі.

— Зусім правільна, любы мой Поль, — адказвала місіс Чык з надзвычайным ажыўленнем, якое мела за мэту захаваць нечаканую перамену ў яе намерах, — іменна так вы і павінны былі сказаць. Нічога іншага я і не чакала ад вас. Трэба было мне ведаць, што такая будзе ваша думка. Быць можа, — тут місіс Чык зноў паліслівіла перад ім, няўпэўнена намацваючы правільны шлях, — быць можа, таму вы менш пачалі-б пярэчыць супроць таго, каб міс Токс была хроснай маткай дарагога дзіцяці, хоць-бы ў якасці прадстаўніцы і намесніцы якой-небудзь іншай асобы. Ці варта казаць, Поль, што гэта было-б прынята як вялікі гонар і адзнака.

— Луіза, — памаўчаўшы, сказаў містэр Домбі, — цяжка дапусціць…

— Вядома! — усклікнула місіс Чык, спяшаючыся папярэдзіць адказ. — Я ніколі гэтага не думала.

Містэр Домбі прыкра зірнуў на яе.

— Не хвалюйце мяне, любы мой Поль — сказала сястра, — бо ад гэтага робіцца нядобра. У мяне мала сіл. Я яшчэ не апамяталася з таго часу, як памерла бедная любая Фані.

39