Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Містэр Домбі зірнуў на насавую хустачку, якую сястра паднесла да вачэй, і прадаўжаў:

— Цяжка дапусціць, кажу я…

— І я кажу, — прамармытала місіс Чык, — што ніколі гэтага не думала.

Містэр Домбі адышоў да акна і вярнуўся.

— Цяжка дапусціць, Луіза, — сказаў ён (місіс Чык ўпарта паўтарыла: «Ведаю, што цяжка», але ён не звярнуў увагі), што няма людзей, якія — мяркуючы, што ў падобным выпадку я прызнаю якія-б там ні было правы, — не маюць большых правоў, чым міс Токс. Але я гэтага не прызнаю. Я ніякіх правоў не прызнаю. Поль і я будзем мець магчымасць, калі прыдзе час, утрымацца, — іншымі словамі, Фірма будзе мець магчымасць утрымацца, захаваць сваё багацце і перадаць яго па спадчыне без якіх-небудзь павучальнікаў і памочнікаў. Такой пабочнай дапамогай, якую звычайна шукаюць людзі для сваіх дзяцей, я магу пагарджаць, бо, спадзяюся, я вышэй гэтага. У мяне няма зусім ахвоты, каб хтосьці станавіўся паміж намі. Я лічу за лепшае выказаць сваю ўдзячнасць за паслугі такой паважнай асобе, як ваша прыяцелька. Значыцца, няхай так яно і будзе; і думаю, што ваш муж і я сам надзвычай добра можам замяніць іншых хросных бацькоў.

У гэтай прамове, сказанай вельмі велічна і ўнушальна, містэр Домбі сапраўды выкрыў патаемныя свае пачуцці. Бясконцае недавер’е да ўсякага, хто можа стаць паміж ім і яго сынам; ганарысты страх сустрэць саперніка або чалавека, з якім давядзецца дзяліць паважанне і прывязанасць хлопчыка; вострая баязнь, якая нядаўна зарадзілася, што ён абмяжован у сваёй уладзе ламаць і вязаць чалавечую волю; не менш вострая баязнь якой-небудзь новай перашкоды або бяды — вось якія асноўныя пачуцці ўладалі ў той час яго душой.

Узвышаная такім чынам, дзякуючы сваёй нязначнасці, да звання хроснай маткі маленькага Поля, міс Токс з гэтага часу была абрана і прызначана на гэту пасаду; і, далей, містэр Домбі выказаў жаданне, каб цырамонія, якую доўга адкладалі, была здзейснена неўзабаве. Яго сястра, якая зусім не разлічвала на такі бліскучы поспех, хутка пайшла, каб паведаміць аб ім лепшай сваёй прыяцельцы, і містэр Домбі астаўся адзін у бібліятэцы.

Місіс Чык і міс Токс з прыемнасцю праводзілі вечар у дзіцячым пакоі, да чаго з такой агіднасцю ставілася С’юзен Ніпер, што гэта маладая лэдзі скарыстоўвала кожны зручны момант, каб пагрымаснічаць за дзвярыма.

Аднак, абедзве няпрошаныя госці, будучы ў шчаслівым няведанні адносна пачуццяў маладой лэдзі, назіралі, як маленькі Поль удачна прайшоў праз усе стадыі раздзявання, вазні, вячэры і ўкладвання спаць, а пасля селі піць чай ля каміна. Дзеці, дзякуючы старанням Полі, спалі цяпер у адным пакоі, і лэдзі, раз-

40