Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/424

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

на ўсмешлівага джэнтльмена з тупой пакорлівасцю, якая, відавочна, задаволіла ўсмешлівага джэнтльмена, бо той загадаў яму ісці ўніз, пасля таго як некалькі секунд разглядаў яго моўчкі і даў яму зразумець, што прымае яго да сябе па службу.

Вось якім чынам Роб Тачыльшчых паступіў да містэра Каркера, і яго пачцівая адданасць гэтаму джэнтльмелу ўмацоўвалася і ўзрастала, калі толькі гэта магчыма, з кожнай хвілінай.

Ён служыў ужо некалькі месяцаў, калі аднойчы, рана досвіткам, ён расчыніў калітку перад містэрам Домбі, які прыехаў, як было дамоўлена, паснедаць з яго гаспадаром. У той-жа момант сам гаспадар імкліва кінуўся сустракаць важнага госця і вітаць яго ўсімі сваімі зубамі.

— Я ніколі не спадзяваўся бачыць вас тут, — сказаў Каркер, калі дапамог яму злезці з каня. — Гэта выключны дзень у маім календары! Ніякая падзея не з'яўляецца асабліва выдатнай для такога чалавека, як вы, якому даступна ўсё; але для такога чалавека, як я, справа зусім іншая.

— У вас тут зроблена з густам, Каркер, — сказаў містэр Домбі, спыніўшыся сярод палянкі і акінуўшы позіркам навакол.

— Вы хацелі гэта сказаць, — адазваўся Каркер. — Дзякую вам.

— Мне здаецца, кожны мог-бы гэта сказаць, — сказаў містэр Домбі з ганарыста-апякўнскім выглядам. — Наколькі гэта магчыма, месцейка вельмі выгаднае і надзвычай добра ўстроена… вельмі элегантнае!

— Наколькі гэта магчыма. Зусім правільна! — адказаў Каркер безуважліва. — Яно мае патрэбу ў гэтай агаворцы. Ну, мы ўжо дастаткова аб ім пагаварылі. Вы хацелі пахваліць яго, і я ўдзячан. Ці не зробіце ласку зайсці?

Увайшоўшы ў дом, містэр Домбі адзначыў — і для гэтага ў яго былі падставы — выкананую з густам аддзелку і камфартабельную абстаноўку. Містэр Каркер са сваёй паказной пакорлівасцю сустрэў гэту заўвагу ветлівай усмешкай і сказаў, што разумее далікатны яе сэнс і цэніць яе, але ў сапраўднасці катэдж, які ён ні бедны, досыць добры для чалавека ў яго становішчы — лепш, магчыма, чым належыць яму мець.

— Але вам, які так высока стаіць, магчыма, ён здаецца выгоднейшым, чым ёсць на самай справе, — прадаўжаў Каркер, расцягваючы да вушэй свой ілжывы рот. — Манархі бачаць прывабнасць у жыцці беднякоў.

Пры гэтым ён зырка паглядзеў на містэра Домбі і зырка ўсміхнуўся, паглядзеў яшчэ больш зырка і ўсміхнуўся яшчэ больш зырка, калі містэр Домбі, стаўшы перад камінам у позу, якую так часта пераймаў яго памочнік, паглядзеў на вісеўшыя на сценах карціны. Пакуль халодны позірк Домбі слізгаў па карцінах, пільны позірк Каркера накіроўваўся за яго позіркам і прыстасоўваўся да яго, нібы адзначаючы, куды ён накірован. Калі ён затрымаўся на адной карціне, Каркер, здавалася, затаіў дух — такім каціным і настарожаным было яго выследжванне, —

420