але позірк яго апекуна слізгануўся па гэтай карціне таксама, як і па іншых, і, відавочна, яна зрабіла на яго ўражанне не большае, чым усе астатнія.
Каркер паглядзеў на карціну — гэта быў партрэт жанчыны, падобнай да Эдзіт, — як на жывое стварэнне, са злосным, бязгучным смехам, выкліканым, здавалося, ёю, але па сутнасці гэта было высмейванне вялікага чалавека, які, нічога не падазраючы, стаяў каля яго. Неўзабаве было падана снеданне, і, прапанаваўшы містэру Домбі крэсла, павернутае спінкай да карціны, ён сеў на сваё звычайнае месца тварам да яе.
Містэр Домбі быў нават больш паважным, чым звычайна, і надзвычай маўклівым. Папугай, гушкаючыся ў пазалочаным кальцы ў сваёй прыгожай клетцы, дарэмна стараўся прыцягнуць да сябе ўвагу, бо Каркер надта пільна наглядаў свайго госця, каб звяртаць увагу на птушку, а госць, паглыблены ў развагі, сядзеў з задуменнай, каб не сказаць — хмурнай, мінай, не адрываючы вачэй ад абруса. Што датычыцца Роба, які прыслугоўваў за сталом, то яму, прысвяціўшаму ўсе сілы і здольнасці назіранню за сваім гаспадаром, бадай ці прышло ў галаву, што госць быў тым самым вялікім джэнтльменам, да якога прывезлі яго ў маленстве, як сведчанне аб здароўі сям'і, і якому ён быў абавязан скуранымі штонікамі.
— Дазвольце запытацца, — сказаў нечакана Каркер, — як здароўе місіс Домбі?
Містэр Домбі пачырванеў, адказваючы:
— Місіс Домбі здарова. Вы мне напомнілі, Каркер, што я хацеў аб сім-тым пагутарыць з вамі.
— Робін, вы можаце пайсці, — загадаў гаспадар, чый мяккі голас прымусіў Робіна ўздрыгануцца і схавацца, прычым ён да апошняй хвіліны не спускаў вачэй са свайго апекуна. — Вы, вядома, не памятаеце гэтага хлопчыка? — дадаў Каркер, калі аблытаны сецямі Тачыльшчык пайшоў.
— Не, — сказаў містэр Домбі з велічным роўнадушшам.
— Малаверагодна, каб аб ім памятаў такі чалавек, як вы. Бадай ці гэта магчыма, — прамармытаў містэр Каркер. — Але ён належыць да той сям'і, дзе вы знайшлі карміліцу. Магчыма, вы прыпамінаеце, што велікадушна ўзялі на сябе клопаты аб яго адукацыі?
— Гэта той самы хлопчык? — нахмурыўшыся, запытаўся містэр Домбі. — Здаецца, ён не робіць гонару атрыманай адукацыі?
— Так, думаю, што гэта паскудны блазнюк, — паціскаючы плячыма, адказаў Каркер. — Такая ў яго рэпутацыя. Але справа вось у чым: я ўзяў яго да сябе на службу, бо ён, не маючы магчымасці знайсці сабе месца, уявіў (думаю, яму ўнушылі гэга дома), быццам мае нейкія правы на вас, і заўсёды дабіваўся выпадку звярнуцца да вас з просьбай. І хоць устаноўленыя і прызнаныя адносіны мае да вашага дома носяць выключна дзелавы харак-