Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/423

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Шчанё! — сказаў містэр Каркер, адкідваючыся на спінку крэсла і спакойна яму ўсміхаючыся. — Гэта нішто ў параўнанні з тым, што я з вамі зраблю, калі вы захочаце ашукаць мяне.

— Так, сэр, — адказаў няшчасны Тачыльшчык, — я ўпэўнен, што вы жорстка са мною расправіцеся, сэр. Я і не спрабаваў-бы ашукваць вас, сэр, хоць за гэта мне абяцалі-б залатыя гінеі.

Ашукаўшыся ў сваіх надзеях на пахвальбу, спалоханы Тачыльшчык стаяў, пазіраючы на свайго апекуна і дарэмна стараючыся не глядзець на яго, у замяшанні, падобным да таго, якое часта бывае ў сабакі пры такіх акалічнасцях.

— Значыцца, вы адмовіліся ад ранейшага месца і прышлі сюды прасіць мяне, каб я ўзяў вас да сябе на службу, так? — сказаў містэр Каркер.

— О, прашу вас, сэр! — адказваў Роб, які па сутнасці рабіў згодна інструкцый самога апекуна, але цяпер не адважыўся нават намякнуць на гэта ў сваё апраўданне.

— Ну, што-ж! — сказаў містэр Каркер. — Вы мяне ведаеце?

— Прабачце, сэр, так, сэр, — адказаў Роб, перабіраючы ў руках капялюш; ён па-ранейшаму быў скованы позіркам містэра Каркера і дарэмна спрабаваў пазбавіцца ад гэтых ланцугоў.

Містэр Каркер кіўнуў галавой.

— У такім выпадку сцеражыцеся!

Мноствам паклонаў Роб выказаў вялікае разуменне гэтай перасцярогі і з паклонамі адступіўся да дзвярэй, вельмі абрадаваны перспектывай апынуцца за гэтымі дзвярыма, калі апякун спыніў яго.

— Ало! — крыкнуў ён, груба варочаючы яго назад. — Вы прывыклі… Зачыніце дзверы!

Роб паслухаўся, як быццам жыццё яго залежала ад яго жвавасці.

— Вы прывыклі слухаць ля шчыліны замка. Вам вядома, што гэта азначае?

— Падслухоўваць, сэр? — выказаў здагадку Роб пасля збянтэжанага раздум'я.

Яго апякун кіўнуў галавой.

— І падглядаць і іншае.

— Тут я не рабіў-бы гэтага, сэр, — адказаў, Роб, — далібог, сэр, памерці мне на гэтым месцы, я не рабіў-бы, сэр, колькі-б мне за гэта не абяцалі! Няхай мне прапануюць усе багацці на свеце, я не падумаю гэта рабіць, калі мне не загадана, сэр!

— Раю не рабіць. Вы прывыклі таксама балбатаць і разводзіць плёткі, — з вялікай спакойнасцю прадаўжаў яго апякун. — Асцерагайцеся тут гэтым займацца, інакш не здабраваць вам, нягоднік!

І ён зноў усміхнуўся і зноў прыгразіў яму ўказальным пальцам.

Ад жаху Тачыльшчык дыхаў перарывіста і хрыпла. Ён спрабаваў давесці чыстату сваіх намераў, але мог толькі пучыць вочы

419