Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/422

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Такім чынам маці Эдзіт ляжыць, забытая сваімі добрымі сябрамі, якія не чуюць хваль, што паўтараюць да ахрыпласці ўсё тыя самыя словы, і не бачаць пяску, што навалены на беразе, і белых рук, што вабяць у месячным святле і заклікаюць у нябачаную, далёкую краіну. Але ўсё ідзе так, як з даўніх часоў ішло на ўзбярэжжы невядомага мора, і да ног Эдзіт, якая стаіць тут у адзіноце і прыслухоўваецца да хваль, прыбіваюцца мокрыя водарослі, каб усыпаць ёй жыццёвы шлях.


РАЗДЗЕЛ XLII,

у якім расказваецца аб давяральнай размове і аб няшчасным выпадку.

Апрануты ў салідную карычневую ліўрэю, якая, дамагаючыся быць вельмі скромнай і прыстойнай, была, тым не менш, такой самазадаволенай і самаўпэўненай, што магла зрабіць гонар любому краўцу, Роб Тачыльшчык служыў цяпер свайму гаспадару містэру Каркеру.

Адмовіўшыся ад службы ў капітана, Роб у той-жа вечар, вызваліўшыся папярэдне ад сваіх галубоў і нават заключыўшы спяшаючыся нявыгадны торг, накіраваўся проста ў дом містэра Каркера і, разгарачаны, з'явіўся перад сваім новым гаспадаром з расчырванелым тварам, нібы чакаючы пахвальбы.

— Бяздзейнік! — сказаў містэр Каркер, зірнуўшы на клунак. — Вы кінулі сваю службу і прышлі да мяне?

— О, сэр, — замармытаў Роб, — вы, ведаеце, сказалі, калі я быў тут апошні раз…

— Я сказаў! — здзівіўся містэр Каркер. — Што я сказаў?

— Прабачце, сэр, вы нічога не сказалі, сэр, — адказаў Роб, які адчуў перасцярогу ў тоне містэра Каркера і вельмі-ж збянтэжыўся.

Яго апякун паглядзеў на яго, агаліўшы дзясны, і, пагражаючы ўказальным пальцам, сказаў:

— Прадчуваю, што вы дрэнна скончыце, сябра валацуга. Вас чакае бяда.

— Ох, калі ласка, не гаварыце так, сэр! — усклікнуў Роб, якога ногі не трымалі. — Дапраўды-ж, сэр, я хачу толькі працаваць на вас, сэр, служыць вам, сэр, і сумленна выконваць усё, што мне загадаюць.

— Раю сумленна выконваць усё, што вам загадаюць, калі вы маеце справу са мною, — адазваўся яго апякун.

— Так, я гэта ведаю, сэр, — адказаў пакорлівы Роб. — Я ў гэтым упэўнен, сэр. Калі-б толькі вы былі такім ласкавым і выпрабавалі мяне, сэр! А калі вы ўбачыце калі-небудзь, сэр, што я раблю насуперак вашаму жаданню, я вам дазваляю забіць мяне.

418