Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/416

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Фларэнс, не кажучы ні слова, бярэ пад руку містэра Тутса, і яны накіроўваюцца ў дарогу, Дыаген бяжыць наперадзе. У містэра Тутса дрыжаць калені, і хоць ён надзвычай добра апрануты, яму здаецца, што касцюм дрэнна ляжыць на ім, ён бачыць зморшчыкі на шэдэўры Берджэса і К° і шкадуе, што не надзеў самай параднай пары ботаў.

Знадворку дом доктара Блімбера захоўвае ўсё той самы педантычны і вучоны выгляд, а наверсе акно, на якое яна, бывала, пазірала, шукаючы бледны тварык, і, убачыўшы яе, бледны тварык у акне асвятляўся ўсмешкай, а худзенькая ручка пасылала паветраны пацалунак, калі яна праходзіла міма. Дзверы адчыняе той самы падслепаваты малады чалавек, чыя дурная ўсмешка, звернутая да містэра Тутса, з'яўляецца выказваннем слабахарактарнасці. Іх уводзяць у кабінет доктара, дзе сляпы Гамер і Мінерва даюць ім аўдыенцыю, як у мінулыя часы, пад акампанемент паважнага цікання вялікага гадзінніка ў вестыбюлі і дзе глобусы стаяць на ранейшым месцы, нібы і свет нерухомы і нішто ў ім не гіне з прычыны ўсеагульнага закона, па якім — пакуль свет круціцца — усё рассыпаецца ў прах.

А вось і доктар Блімбер і яго вучоныя ногі; вось і місіс Блімбер у сваім нябесна-блакітным чапцы; вось і Карнелія са сваімі рыжаватымі кудрамі і бліскучымі акулярамі, якая па-ранейшаму капаецца, як магільшчык, у грабніцах моў. Вось стол, на якім ён сядзеў, пакінуты, адзінокі, «навічок» у школе; і сюды далятае здалёку варкатанне ўсё тых-жа хлопчыкаў, якія жывуць усё тым-жа жыццём у тым-жа пакоі на падставе ўсё тых-жа прынцыпаў.

— Тутс! — кажа доктар Блімбер. — Вельмі рад вас бачыць, Тутс.

Містэр Тутс хіхікае ў адказ.

— І ў такім добрым таварыстве, Тутс! — кажа доктар Блімбер.

Містэр Тутс з барвовай фізіяноміяй растлумачвае, што выпадкова сустрэў міс Домбі, і, з прычыны таго што міс Домбі, як і ён сам, пажадала наведаць старыя месцы, яны прышлі разам.

— Вядома, вам будзе прыемна, міс Домбі, — кажа доктар Блімбер, — пабачыць нашых маладых сяброў. Гэта ўсе вашы былыя аднакашнікі, Тутс. Здаецца, з таго часу не паступала новых вучняў, дарагая мая, — гаворыць доктар Блімбер Карнеліі, — з таго часу, як містэр Тутс нас пакінуў?

— Апрача Байтэрстона, — супярэчыць Карнелія.

— Правільна, — кажа доктар. — Для містэра Тутса Байтэрстон — новая асоба.

Бадай, новая і для Фларэнс, бо ў класе Байтэрстон — ужо не майстар Байтэрстон з пансіёна місіс Піпчын — франціць у каўнерыку і гальштуку і носіць гадзіннік. Але Байтэрстон, народжаны пад нейкай нешчаслівай бенгальскай планетай, увесь запэцканы чарнілам, а яго лексікон так распух ад пастаяннага звяртання да яго за даведкамі, што не хоча зачыняцца і пазяхае, як быццам

412