Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/417

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і на самай справе стаміўся ад бясконцых прыставанняў. Пазяхае таксама і яго гаспадар Байтэрстон, які вырошчваецца пад узмоцненым ціскам доктара Блімбера; але ў пазяханні Байтэрстона адчуваецца злосць і пагроза, і чулі, як ён выказваў жаданне, каб «стары Блімбер» папаўся яму ў рукі ў Індыі. Там ён і апамятацца не паспее, як яго зацягнуць у глыбіню краіны Байтэрстонавы кулі і перададуць з рук на рукі тугам[1]; ужо ў гэтым ён можа не сумнявацца.

Брыгс па-ранейшаму круціць жорны навукі, а таксама і Тозер, і Джансон, і ўсе астатнія; старэйшыя вучні заняты пераважна тым, што з найвялікшай стараннасцю забываюцца ўсё, што ведалі, калі былі маладзей. Усе яны такія пачцівыя і бледныя, як і ў ранейшыя часы, і сярод іх містэр Фідэр, бакалаўр мастацтваў, з касцістымі рукамі і шчаціністай галавой працуе па-ранейшаму: у сучасны момант пушчан у ход яго Герадот[2], а астатнія валікі ляжаць на паліцы за яго спіной.

Велізарнае ўражанне стварае на гэтых паважных маладых джэнтльменаў візіт вырваўшагася на волю Тутса, на якога паглядаюць з пачцівасцю, як на таго, хто перайшоў Рубікон[3] і даў зарок ніколі не варочацца і чый фасон касцюма і чые каштоўныя ўпрыгожанні прымушаюць перашэптвацца спадцішка.

Вялікае хваляванне выклікана таксама прысутнасцю Фларэнс, у якую маладыя джэнтльмены адразу-ж зноў закахаліся. Чорная рэўнасць успыхвае да містэра Тутса, і Брыгс прытрымліваецца тае думкі, што Тутс, нарэшце, не такі ўжо дарослы. Але гэты ганебны паклёп хутка абвяргаецца містэрам Тутсам, які гучна гаворыць містэру Фідэру, бакалаўру мастацтваў: «Як маецеся, Фідэр?» і запрашае яго паабедаць сёння разам у Бедфорда.

Паціскаюць рукі, раскланьваюцца, і кожны малады джэнтльмен гарыць жаданнем пазбавіць Тутса міласцей міс Домбі, а пасля таго, як містэр Тутс, хіхікаючы, кінуў позірк на свой стары пюпітр, Фларэнс і ён адыходзяць з місіс Блімбер і Карнеліяй, і чуваць, як за іх спіной доктар Блімбер, выходзячы апошнім і зачыняючы дзверы, гаворыць: «Джэнтльмены, зараз мы адновім нашы заняткі». Бо толькі гэта і бадай ці яшчэ што чуе доктар у шаптанні хваль і ўсё жыццё не чуў нічога іншага.

Пасля Фларэнс паціхеньку ідзе і разам з місіс Блімбер і Карнеліяй падымаецца наверх у старую спальню; містэр Тутс, разумеючы, што ў ім, ды і ні ў кім іншым, там не маюць патрэбы, размаўляе з доктарам у дзвярах кабінета, або, правіль-


  1. Тугі — члены індыйскай секты, якім прыносілі чалавечыя афяры для ўміласцівення багіні Бовані.
  2. Герадот — першы грэчаскі гісторык (V ст. да н. э.).
  3. Рубікон — рака, якая служыла ў эпоху Юлія Цэзара граніцай паміж Рымам (Італіяй) і Галіяй (Францыяй). Юлій Цэзар, не падначаліўшыся рымскаму сенату, вышэйшаму дзяржаўнаму органу, перайшоў Рубікон (49 г. да н. э.) для заваявання Рыма; „перайсці Рубікон“ — зрабіць рашучы крок.

413