— Калі і адбываецца штосьці незвычайнае тут, — прадаўжала яна, лёгка правёўшы рукой над вачыма, якія аставаліся такімі-ж нерухомымі, — і я ведаю, што незвычайныя пачуцці поўняцца вось тут, — яна прыпадняла руку, якую прыціскала да грудзей, і зноў цяжка апусціла яе на грудзі, — то зразумейце: ёсць нешта дзіўнае ў той просьбе, з якой я маю намер да вас звярнуцца. Так, — шпарка сказала яна, нібы адказваючы на мімалётную змену ў яго твары, — справа ў тым, што я хачу звярнуцца да вас з просьбай.
Містэр Домбі, з ласкавым выглядам апусціўшы злёгку падбародак, ад чаго затрашчаў яго туга накрухмалены каўнер, сеў на стаяўшую недалёка софу, каб выслухаць просьбу.
— Калі вы зразумееце, што і мне самой, — яму здалося, нібы на вачах у яе бліснулі слёзы, і ён падумаў аб гэтым не без самазадаволення, хоць ніводная слязінка не скацілася на яе шчаку і на яго яна пазірала ўсё тым-жа пільным поглядам, — мне самой здаецца амаль неверагодным маё рашэнне звярнуцца да чалавека, які стаў маім мужам, а ў асаблівасці да вас, — калі вы гэта зразумееце, магчыма, вы нададзіце большае значэнне маім словам. Цяжкая развязка, да якой мы ідзём і, магчыма, прыдзем, адаб'ецца не толькі на нас (гэта было-б не так важна), але і на іншых.
На іншых! Ён ведаў, каго тычылася гэтае слова, і сурова нахмурыўся.
— Я звяртаюся да вас дзеля іншых. А таксама дзеля вас і дзеля сябе самой. Пасля нашага вяселля вы трымаліся ганарліва ў адносінах да мяне, і я плаціла вам тым самым. Штодзённа і штогадзінна вы давалі зразумець мне і ўсім акружаючым, што, на вашу думку, саюз наш з'яўляецца для мяне высокім гонарам. Я думаю інакш і ў сваю чаргу давала гэта зразумець. Вы як быццам не разумееце або — паколькі гэта ў вашай сіле — не маеце намеру прызнаць, што кожны з нас павінен ісці сваёй дарогай. Замест гэтага, вы дамагаецеся ад мяне пакорлівасці, якой не дачакаецеся ніколі.
Хоць выраз яе твара не змяніўся, гэта «ніколі» было энергічна падкрэслена тым, як яна перавяла дух.
— Я не маю да вас ніякіх пяшчотных пачуццяў. Вы гэта ведаеце. Калі-б я іх адчувала ці магла адчуваць, вам гэта было-б усёроўна. Добра ведаю, што і вы ніякіх пяшчотных пачуццяў да мяне не адчуваеце. Але мы звязаны адно з адным, і, я ўжо сказала, сувязі, што нас злучаюць, аблытваюць таксама і іншых. Мы абодва рана ці позна павінны памерці. Мы абодва ўжо звязаны з памершымі, кожны з нас страціў дзіця. Будзем спагадлівымі.
Містэр Домбі глыбока ўздыхнуў, як быццам хацеў сказаць: «О! І гэта ўсё?»