Рука, што з такою сілаю націскала на браслет, цяжка ляжала цяпер на яе грудзях, але Эдзіт, пазіраючы на містэра Домбі ўсё з тым-жа нерухомым тварам, ціха сказала:
— Пачакайце! Будзьце ласкавы! Я павінна пагаварыць з вамі.
Чаму не загаварыла яна раней і якая адбывалася ў яе душы барацьба, што пазбаўляла яе сіл гаварыць на працягу некалькіх хвілін? Дзякуючы страшэннаму напружанню волі твар яе аставаўся зусім нерухомым, як твар статуі, — павернуты да яго, ён не выяўляў ні мяккасці, ні жорсткасці, ні прыязні, ні нянавісці, ні гордасці, ні пакорлівасці — нічога, апрача пільнай, дапытлівай увагі!
— Хіба я калі-небудзь спакушала вас з мэтай, каб вы шукалі маёй рукі? Хіба я калі-небудзь карысталася якімі-б там ні было хітрыкамі, каб завабіць вас? Хіба я калі-небудзь была больш прыхільнай да вас, калі вы да мяне заляцаліся, чым пасля нашага шлюбу? Ці была я калі-небудзь у адносінах да вас іншай, чым цяпер?
— Зусім няварта, пані, — сказаў містэр Домбі, — аб гэтым гаварыць.
— Ці думалі вы, што я вас кахаю? Ці было вам вядома, што я вас не кахаю? Ды хіба вы калі-небудзь задумваліся аб маім сэрцы або ставілі сабе мэтай заваяваць нічога не каштуючую рэч? Хіба быў хоць які-небудзь намёк на гэта пры заключэнні нашай здзелкі? З вашага боку або майго?
— Гэтыя пытанні, пані, — сказаў містэр Домбі, — не маюць ніякіх адносін да сутнасці справы.
Яна стала паміж ім і дзвярыма, каб перашкодзіць яму пайсці, і, выпрастаўшыся на ўвесь рост, прадаўжала пазіраць на яго ва ўпор.
— Вы адказваеце на кожнае з іх. Бачу, што вы адказваеце раней, чым я пытаюся. Ці можаце вы адказваць інакш — вы, якому нікчэмная праўда вядома не горш, чым мне? Цяпер скажыце: калі-б я кахала вас аддана, ці магла-б зрабіць я для вас больш, чым аддаць вам усю маю волю і сябе цалкам, як вы гэтага толькі што патрабавалі? Калі-б сэрца ў мяне было чыстае і неспакушанае і калі-б вы былі яго кумірам, маглі-б вы патрабаваць большага, маглі-б вы атрымаць больш?
— Магчыма, і не, пані, — адказаў ён холадна.
— Вы ведаеце, што я зусім іншая. І можаце адгадаць па маім твары пачуцці мае да вас. — Гордыя губы не здрыгануліся, цёмныя вочы не загарэліся, па-ранейшаму позірк быў пільны і выпрабавальны. — Вы ведаеце ў агульных рысах маё жыццё. Вы гаварылі пра маю маці. Няўжо вы думаеце, што можаце прынізіць, сагнуць, зламаць мяне, прымусіўшы да падначалення і паслухмянства?
Містэр Домбі ўсміхнуўся, як усміхнуўся-б ён, калі-б у яго запыталіся, ці можа ён дастаць дзесяць тысяч фунтаў.